У Менску з’явіўся першы кантэйнер для збору сапсаваных лекаў



У беларускай сталіцы ўсталявалі першы кантэйнер для збору ў насельніцтва сапсаваных лекаў, паведамляе Цэнтр экалагічных рашэнняў (ЦЭР).

Кантэйнер размешчаны ў фае 40-й клінічнай паліклінікі ў мікрараёне Каменная Горка. Ініцыятарамі акцыі выступіў Цэнтр экалагічных рашэнняў, камітэт па ахове здароўя Менгарвыканкама пры падтрымцы кааліцыі „Чыстая Балтыка” (Швецыя).

Паводле слоў супрацоўніцы праграмы па хімічнай бяспецы і адходах ЦЭР Наталлі Блышчык, устаноўка кантэйнера стала важным крокам у распрацоўцы сістэмы збору і ўтылізацыі пратэрмінаваных лекаў ад насельніцтва ў краіне. „Пасля таго, як мы адпрацуем схему, можна будзе мультыплікаваць гэты вопыт на іншыя паліклінікі, раёны і гарады”, — сказала яна.

Даследаванні апошніх двух гадоў, паведамляюць эколагі, паказалі, што праблема забруджвання лекамі навакольнага асяроддзя ў Беларусі не менш актуальная, чым у іншых краінах. У складзе сцёкавых вод буйных гарадоў Беларусі былі выяўленыя гарманальныя прэпараты, антыбіётыкі, супрацьзапаленчыя і многія іншыя лекі. Ачышчальныя збудаванні не здольныя ўтрымліваць маленькія малекулы лекавых сродкаў, такім чынам, яны трапляюць у сцёкавыя воды, рэкі і могуць апынуцца ў пітной вадзе.

„Траплянне рэшткаў лекавых сродкаў у пітную ваду можа негатыўна адбіцца на здароўі насельніцтва, — адзначыла загадчыца кафедры фармацэўтычнай хіміі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Яранцава. — Напрыклад, гарманальныя прэпараты могуць выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, антыбіётыкі — прывесці да рэзістэнтнасці мікраарганізмаў, і чалавек пасля не зможа лячыцца ад захворванняў, якія пагражаюць жыццю”.

Фармацэўтычныя забруджвальнікі ўплываюць і на навакольнае асяроддзе, асабліва на водныя аб’екты і іх насельнікаў. 

Таксама спецыялісты адзначаюць, што акрамя пісьменнай утылізацыі лекаў варта звяртаць увагу і на прадухіленне ўтварэння непатрэбных лекаў. Па статыстыцы, дзве траціны беларусаў (65%) купляюць лекаў больш, чым ім гэта неабходна.

БелаПАН