Чаму цэны на паліва непазбежна вырастуць?



Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму ў Беларусі цэны на бензін у бліжэйшы час абавязкова будуць падвышацца.

Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, за студзень 2018 года нафтаперапрацоўчае прадпрыемства “Нафтан” атрымала страты ў памеры 25 мільёнаў даляраў, а Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод мае 12-13 мільёнаў даляраў стратаў.

Спецыялісты мяркуюць, што асноўная праблема гэтых прадпрыемстваў у тым, што ўнутры краіны – нізкія цэны на паліва, і прадпрыемствы вымушаны прадаваць яго сабе ў страту.

Леў Марголін: Калі чыноўнікі агучваюць інфармацыю пра страты, то можна меркаваць, што гэта ідзе падрыхтоўка людзей да чарговага падвышэння коштаў. Для тых, хто крыху разбіраецца ў эканоміцы, зразумела, што тыя прадукты, якія з’яўляюцца падакцызнымі, не могуць быць самі па сабе стратнымі. Калі падвышаюцца кошты на сыравіну ці зніжаюцца кошты на гатовую прадукцыю на сусветным рынку, тады трэба адпаведна зніжаць акцызы. Бо акцызы па сваёй прыродзе – гэта такі падатак, якім абкладаецца высокапрыбытковая прадукцыя. Калі прадукцыя ізноў стане прыбытковай, тады можна падвышаць акцызы. Але вядома, што дзяржава не будзе зніжаць свае прыбыткі, таму ізноў усё гэта адаб’ецца толькі на простым насельніцтве. 

РР: На колькі могуць вырасці цэны на паліва?

Леў Марголін: Калі гаворка ідзе пра шматмільённыя страты, то будуць падымаць кошты не на 1-2 капейкі, а нас чакае больш істотнае падаражэнне. Хаця складана спрагназаваць, на колькі адсоткаў падымуць цану на паліва. На колькі захочуць – на столькі і падымуць. І тут яшчэ пытанне ў тым, наколькі ўлады баяцца нейкіх новых прастэстаў з боку людзей. Калі яшчэ не забыліся, што было два гады таму, то падвышэнне будзе павольным. У любым выпадку гэтае рашэнне будзе прымаць палітычнае кіраўніцтва краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя