Наступіць на адны і тыя ж граблі
Усе мы памыляемся – жыццё такое! Далёка не заўжды можна выправіць штосьці, што было зроблена раней не так. Падчас лепш і не мець такога шанцу.
Жыхарка Менска аддала махлярам пару тысяч долараў за аптымістычнае абяцанне вярнуць грошы, страчаныя шмат год таму з-за фінансавай авантуры пад назвай “МММ”. На мабільны нумар 69-гадовай спадарыні сталі тэлефанаваць “спагадлівыя” таварышы. Міла прадставіліся супрацоўнікамі расейскай фірмы, якая займаецца вяртаннем даўгоў дольшчыкам “МММ”. Грошы на гэта быццам бы ішлі з Кітаю. Адзіны нюанс, спадарыня! Заходзім на пэўны сайт, рэгіструем віртуальны кабінет, а для гэтага праз сістэму міжнародных пераводаў аддаем 200 долараў. Дробязі… І гэтым справа не скончылася.
Спадарыні абяцалі аддаць 25 тысяч долараў і выцягвалі паціху то 200, то 350… Дайшло да таго, што супрацоўнікі банка (у працэсе пераводу грошай невядома каму і куды!) папярэджвалі пра рызыку нарвацца на махляроў. Не дапамагло. Азартная дольшчыца перавяла ўсё, што мела! Не атрымаўшы жаданых вялікіх грошай, пайшла ў міліцыю. Там сказалі: “Ты не самотны!” То бок такіх былых дольшчыкаў “МММ” было некалькі па краіне. Вось і пачынаеш думаць, што старыя крыўды лепш пакідаць у мінулым – захаваеш здароўе, ашчадзіш час і грошы! Бо скнара двойчы губляе.
А з іншага боку… Раптам гэта гіпноз? На адлегласці. Шкада кабету – лепш бы ўнукаў на мора звазіла! Або сама рванула ў круіз, як амерыканская пенсіянерка.