Улады імкнуцца кантраляваць усіх, у тым ліку і Саюз палякаў
Чаму ўлады робяць ворагаў з польскай нацыянальнай меншасці? Ці ўдалося вырашыць сітуацыю з наборам у першыя класы ў польскіх школах у Гародні і Ваўкавыску?
Неафіцыйны Саюз палякаў у Беларусі ўвесь час змагаецца за сваё існаванне, а цяпер яшчэ і за існаванне польскамоўнай адукацыі для дзяцей. Як мы паведамлялі раней, у Гародні і Ваўкавыску паўсталі праблемы з наборам дзяцей у першыя класы польскіх школ. Калі ў абласным цэнтры пасля шэрагу дыскусій і пратэстаў заявы ў першы клас прынялі ад усіх ахвотных, то ў польскай школе ў Ваўкавыску прынялі 19 заяў, а сем заяў застаюцца без адказу.
Як падкрэслівае сябра Галоўнай Рады арганізацыі Анджэй Пачобут, пытанне можна вырашыць вельмі проста, але толькі пры жаданні ўладаў:
– Гэтае пытанне вельмі лёгка вырашаецца, таму што гэта не ёсць пагрозай для ўлады Лукашэнкі, не ёсць пагрозай для Беларусі тое, што дзеці польскай нацыянальнай меншасці будуць вучыцца на польскай мове. Увогуле Саюз палякаў у Беларусі не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй, а тое, што сітуацыі кваліфікуюць яго як палітычную – гэта вынік ненармальнасці сітуацыі ў краіне, калі ўлады імкнуцца ўсё кантраляваць, усіх падпарадкаваць сабе.
Як адзначае Анджэй Пачобут, у прынцыпе любая незалежная арганізацыя не падабаецца ўладам, бо яе цяжка кантраляваць. А Саюз палякаў у Беларусі – гэта не толькі незалежная, але вельмі буйная арганізацыя:
– На сённяшні дзень гэта 102 аддзелы на тэрыторыі ўсё краіны. Колькасць сябраў – больш за 10 тысяч. Саюз палякаў – гэта вялікая арганізацыя, і зразумела, што ўлады імкнуцца ўзяць яе пад кантроль. Ад 2005 года па сённяшні дзень барацьба працягваецца, КДБ робіць розныя правакацыі, спрабуе дыскрэдытаваць, спрабуе вербаваць людзей і такім чынам падпарадкаваць сабе Саюз палякаў. Нічога з гэтага ў іх не атрымліваецца і думаю, што не атрымаецца.
Гутарка з Анджэем Пачобутам – у далучаным гукавым файле:
Цалкам размова прагучыць у нашым эфіры 29 ліпеня ў публіцыстычнай праграме “Мы бачым”. Пачатак у 17.30 паводле беларускага часу, у Польшчы – на гадзіну раней.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя