Слонімцы ўстрывожаны эканамічнай сітуацыяй у раёне



14 лістапада ў Слоніме прайшлі абласныя Дажынкі. Па праграме яны павінны былі пачацца з самай раніцы. Але мерапрыемства перанеслі на вечар, таму што ў Слонім з самай раніцы не змог завітаць старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. У гэты дзень ён чакаў Аляксандра Лукашэнку. Прэзідэнт прыехаў у Гародню без асаблівага настрою. Падчас сустрэчы Аляксандр Рыгоравіч выказаў незадавальненне эканамічным развіццём Гарадзеншчыны. У прыватнасці, ён адзначыў, што ў 10 з 17 раёнаў Гарадзеншчыны няма прыросту вытворчасці. А Слонімскі раён не выходзіць нават на мінулагодні ровень, а даўно ў мінусах. Сапраўды гэта так. Бо як ён можа стабільна працаваць, калі сёння толькі сельгасгаспадаркі раёна павінны больш за 100 мільярдаў рублёў. І гэтыя даўгі з кожным месяцам павялічваюцца. Як могуць стабільна працаваць сельскагаспадарчыя кааператывы і прадпрыемствы, калі апошнія 10 гадоў Слонімскі райвыканкам узначальвалі далёкія людзі ад эканомікі, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры. Наогул, гэтыя людзі былі далёкія ад усяго, як слонімцы кажуць, зусім неадукаваныя. А іх жа на гэтыя пасады прызначаў сам Аляксандр Лукашэнка.

Але найбольш трывожным Слонім стаў сёлета. Спачатку за эканамічныя махінацыі і хабар арыштавалі дырэктарку Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Валянціну Вянскоўскую разам з кіраўніком “Беллегпрама” Міхаілам Сучковым, потым на гэтай фабрыцы каля 300 рабочых выказалі сваё незадавальненне, што ім не выплацілі індэксацыю зарплаты, а гэта значыць, кожны работнік згубіў па 400 тысяч рублёў. Работнікі фабрыкі паднялі бунт на роўні краіны і індэксацыю ім налічылі. Тым не менш, сітуацыя на фабрыцы па-ранейшаму застаецца нестабільнай.

Услед за работнікамі Слонімскай КПФ мясцовае начальства пакрыўдзіла работніц Слонімскага жыллёва-рамонтнага эксплуатацыйнага аб’яднання. У ЖРЭА вырашылі скараціць пасады 46 вахцёраў у 11 інтэрнатах. Прычыну скарачэння работнікам не называюць. Спасылаюцца, маўляў, на загад міністэрства, але самога загаду работніцам начальства так і не паказвае. Жанчыны ўсе разам выходзяць з прафсаюзу, які адмовіўся бараніць іх правы, і збіраюцца судзіцца з адміністрацыяй ЖРЭА. Канфлікт сёння набірае новыя абароты, бо ў дзеяннях працадаўца зафіксаваны цэлы шэраг парушэнняў працоўнага заканадаўства.

Няпростая сітуацыя склалася і на вытворчым участку “Слонім”, які ўваходзіць у ААТ “Шчучынскі масласырзавод”, дзе, пасля інвентарызацыі не далічыліся сыравіны і гатовай прадукцыі на суму каля 274 мільёнаў рублёў. У сувязі з гэтым адміністрацыя ААТ “Шчучынскі масласырзавод” прапанавала ўсім работнікам добраахвотна кампенсаваць страту. Агульная страта адміністрацыяй прадпрыемства была падзелена на ўсіх работнікаў, а гэта каля 40 чалавек. Рабочыя нават атрымалі лісты, каб да 31 снежня кожны з іх пералічыў у касу прадпрыемства ад 3 да 6 мільёнаў рублёў. І нават папярэдзілі рабочых, што калі яны гэтага не зробяць, то адміністрацыя прадпрыемства падасць на іх у суд.

Але рабочыя катэгарычна не пагаджаюцца з такімі патрабаваннем адміністрацыі завода. Дый зусім няма доказаў, што менавіта рабочыя ў недахопах вінаватыя. Дырэктар ААТ “Шчучынскі масласырзавод” Віталь Строгі паведаміў, што з работнікамі прадпрыемства была заключана дамова аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасці, таму ўвесь калектыў нясе матэрыяльную адказнасць у выпадку выяўлення недахопу на прадпрыемстве. У мінулы чацвер на вытворчым участку “Слонім” завода адбыўся сход, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Слонімскага райвыканкама, пракуратуры, дзяржаўнага прафсаюза, адміністрацыі завода. Начальства разбіраеццца, а людзі ўстрывожаныя.

Напрыканцы лістапада хваляванні ўзніклі і на Слонімскім вінзаводзе. Адміністрацыя вінзавода да Новага года плануе скараціць 50 чалавек. Ужо звольненыя з прадпрыемства пенсіянеры. А з тымі рабочымі, у якіх скончыўся працоўны кантракт, яго не працягваюць.

У чацвер, 27 лістапада, работнікаў вінзавода “папрасілі” напісаць заявы на адпачынак з 1 па 8 снежня за свой кошт. І работнікі пішуць такія заявы, бо баяцца застацца без працы, тым болей, што ў Слоніме яе не так і лёгка знайсці.

Усе гэтыя скарачэнні звязаны найперш з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі на прадпрыемстве. Склады завода запоўненыя прадукцыяй, а рэалізацыя яе па краіне ідзе вельмі марудна і цяжка. Дырэктар завода Міхаіл Акулік паведаміў журналістам, што людзі сталі менш піць, таму знізіўся на віно попыт. ”Калі раней мы разлівалі каля 80 тысяч дэкалітраў пладовага віна ў месяц, то цяпер – 65 тысяч, а гэта на 20% меней”, – сказаў Міхаіл Акулік. Але людзям ад гэтага не лягчэй, бо адміністрацыя прадпрыемства павінна было даўно думаць аб выпуску іншых напояў, напрыклад сокаў, напіткаў, а не трымацца толькі на выпуску “чарніла”. Дый час мяняецца, а на рынку з’яўляюцца ўсё новыя і новыя прадпрыемствы і гандляры. Трэба ўсё ж ісці ў нагу з часам, а не сядзець у кабінетах і атрымліваць вялікія заробкі.

Складаная сітуацыя напрыканцы 2014 года склалася і на іншых прадпрыемствах Слоніма. Сваімі заробкамі не задаволены бюджэтныя арганізацыі Слонімшчыны. Сярэдні заробак, напрыклад, у бібліятэкараў і работнікаў мясцовага драмтэатра складае 2-2,5 мільёны рублёў. Таму напярэдадні 2015 года слонімцы ўстрывожаны, тым больш, што горад іх невялікі, і сёння працу знайсці вельмі цяжка, асабліва жанчынам.

Вольга Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім