27 ліпеня Партыя БНФ уручыць традыцыйны знак імя Віктара Івашкевіча



27 ліпеня Партыя БНФ абвесціць сёлетняга лаўрэата памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча, якім партыя традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцый.

Гэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацый ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода будзе ўручана ў пяты раз. Традыцыйна ўручэнне прымеркавана да 27 ліпеня – гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

На падставе прапаноў, якія паступілі ад арганізацыйных структур Партыі БНФ, Управай Фронту быў складзены шорт-ліст намінантаў, які выносіцца на разгляд Сойму (у алфавітным парадку):

Сябра Сойму Партыі БНФ Вітольд Ашурак з Бярозаўкі (Лідчына):

адзначэнне стагоддзя бальшавіцкага перавароту 6 лістапада 2017 г. праз ускладанне да помніка главару бальшавікоў Леніну вянка, што быў аздоблены калючым дротам і надпісам “Гары ў пекле, кат”.

Заснавальнік пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы symbal.by Павел Белавус:

арганізацыя мітынга-канцэрту „Свята Незалежнасці” 25 сакавіка 2018 года ў Менску ў межах зладжанага агульнанацыянальным юбілейным аргкамітэтам і кампаніяй #БНР100 свякавання стагоддзя III ўстаўной граматы Беларускай Народнай Рэспублікі.

Змагар і цясляр Зміцер Дашкевіч:

акцыя „Ноч расстраляных паэтаў” 29 кастрычніка 2017 года ў Курапатах у памяць пра прадстаўнікоў беларускай інтэлегенцыі, што былі забітыя бальшавікамі.

Праваабаронца Раман Кісляк (Берасце):

серыя акцый у межах кампаніі супраць пабудовы акумулятарнага завода, што пагражае навакольнаму асяроддзю ў Берасці.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец:

каардынацыя грамадскай варты пратэсту супраць адкрыцця забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу „Поедем, поедим” каля Курапатаў.

Уладальнік памятнага знаку будзе вызначаны галасаваннем сябраў Сойму Партыі БНФ.

Штогадовым памятным знакам імя Віктара Івашкевіча уганароўваюцца выбітныя асобы альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаванняў, шэсцяў, аўта ці велапрабегаў.

Крытэрамі для ўручэння знаку з’яўляюцца: актуальнасць тэмы акцыі і яе адпаведнасць нацыянальна-дэмакратычным прынцыпам і праграме Партыі БНФ, актуальнасць узнятай у часе акцыі праблемы, крэатыўнасць і творчы падыход пры планаванні і правядзенні акцыі, грамадскі розгалас і масавасць акцыі, яе ўплыў на грамадства ды іншыя дасягнутыя вынікі акцыі.

У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча была ўганараваная вэтэран нацыянальна-адраджэнскага руху Ніна Багінская, а да таго імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідару грамадскай арганізацыі „Альтэрнатыва” Алегу Корбану, кінарэжысёрцы і грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідару „Маладога Фронта” Зьмітру Дашкевічу.