Наведвальнік рэстарана „Поедем поедим” на машыне наехаў на абаронцаў Курапатаў



Каля рэстарана „Поедем поедим” 25 ліпеня адбыўся чарговы інцыдэнт паміж наведвальнікам і абаронцамі Курапатаў.

Як паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец, каля 16 гадзін кіроўца легкавога аўтамабіля ўчыніў наезд на трох з дзесяці пратэстоўцаў, якія перагарадзілі ўезд на тэрыторыю комплексу. „BMW шэрага колеру наехала на людзей, працягнула іх некалькі метраў”, — распавёў ён.

Паводле слоў палітыка, кіроўца аўто спрабаваў з`ехаць, аднак пратэстоўцы не далі яму гэтага зрабіць. Пасля чаго ён выйшаў з машыны і, паводле слоў Севярынца, пачаў біцца з пратэстоўцамі. Больш за ўсіх пацярпеў актывіст Дзмітрый Казакевіч — яму парвалі кашулю, акрамя таго, кіроўца сарваў з яго нацельны крыжык. „Мы кіроўцу пратрымалі да прыезду міліцыі, цяпер даем тлумачэнні”, — удакладніў ён.

Пакуль Севярынцу невядома пра тое, ці ставяць у віну кіроўцу аўтамабіля праваахоўнікі ўчыненне якога-небудзь парушэння, аднак палітык упэўнены, што гаворка павінна ісці аб парушэнні ПДР і бойцы. Да пратэстоўцаў у супрацоўнікаў міліцыі прэтэнзій пакуль няма, удакладніў ён.

Грамадскія пратэсты ў дачыненнi да работы забаўляльнага комплексу ў Курапатах праходзяць з 31 мая. Кампанія грамадскага байкоту аб`яўленая 18 ліпеня.

20 ліпеня ўладальнік рэстараннага комплексу „Поедем поедим” Леанід Зайдэс на сустрэчы з журналістамі заявіў, што не мае намеру яго зачыняць або пераносіць. 

belapan.by