Пра свята з АМАПам



У Беларусі любое свята адбываецца з удзелам супрацоўнікаў АМАПу. Мы так прызвычаіліся да гэтага, што ўжо і забыліся, што АМАП – гэта атрад міліцыі спецыяльнага прызначэння, які ствараўся ў далёкім 1988 годзе для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. Аднак за 30 год існавання барацьба за злачыннасцю адсунулася на другасны план. Сумняюся, што большасць цяперашніх супрацоўнікаў АМАПу ўвогуле бачылі ў вочы гэтую арганізаваную злачыннасць. Бо больш за 20 год атрад міліцыі спецыяльнага прызначэння займаецца ў асноўным не спыненнем тэрактаў ці барацьбой са злачынцамі, а забеспячэннем парадку на масавых мерапрыемствах. То бок тым, што маглі б рабіць звычайныя міліцыянты. Часта АМАП займаецца разгонам несанкцыянаваных уладамі дэманстрацый і мітынгаў. Хто хоць раз быў на шэсцях на Дзень Волі ці на Чарнобыльскім шляху, мог убачыць гэтых супрацоўнікоў, якія па-сутнасці мусяць займацца барацьбой са злачыннасцю, а змагаюцца з мірнымі жыхарамі. Ну, а на акцыях пасля выбараў можна не толькі ўбачыць, але і адчуць на сабе метады працы супрацоўнікаў АМАП.

Вось жыхарам Жабінкі можна было і не хадзіць на мітынгі і дэманстрацыі. АМАП да іх сам прыехаў. Як той казаў, калі гара не ідзе да Магамета, то Магамет пойдзе сам да гары. Свята горада ў Жабінцы скончылася сутычкамі з супрацоўнікамі атраду міліцыі спецыяльнага прызначэння. Вы думаеце на свята горада ў Жабінцы прыехалі тэрарысты ці мафія? Не. Затрымалі звычайных жыхароў. А пачалося ўсё з таго, што тыя, хто святкаваў, пачалі здымаць на відэа затрыманне аднаго з жыхароў. Апошні ці тое перавысіў хуткасць, ці тое прыпаркаваўся не там, дзе трэба. У выніку, затрымалі ўсіх і пратрымалі ў пастарунку да 7 раніцы. У дачыненні да некаторых можа быць распачатая крымінальная справа па артыкуле “Супраціў супрацоўніку ўнутраных справаў”. Хто вінаваты ў дадзенай сітуацыі, пакуль цяжка меркаваць. Аднак усё ж такі, што на свяце, якое праходзіла не ў турме, а ў горадзе, рабіў АМАП? Для затрымання хуліганаў хапіла б сілаў міліцыі. А супрацоўнікі атраду спецыяльнага прызначэння хай займаюцца тэрарыстамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ