Замежных прэпаратаў супраць гепатыту Беларусь купляць не будзе



Упакоўка айчынных лекаў каштуе 660 рублёў альбо 330 даляраў, курс лячэння – тры ўпакоўкі. Між тым, у Польшчы ці Літве прэпараты на ўвесь курс можна купіць нашмат танней – больш чым напалову. Ці не прасцей Міністэрству аховы здароўя закупіць лекі за мяжой? Не, мяркуюць там, лепш падтрымаць айчыннага вытворцу і пачакаць, калі патаннеюць свае лекі, якія робяцца пры гэтым на індыйскім субстраце. Дзяржаўную пазіцыю тлумачыць намеснік галоўнага ўрача Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы сталіцы Алег Скрыпко.

– Трэба ўлічваць, што з сумежных дзяржаў могуць прывозіць індыйскія, егіпетскія сродкі і з іншых краін. Па-першае, няма стоадсоткавай гарантыі, што гэта якасныя лекі. У нас нацыянальныя вытворцы, якія зараз пачынаюць працу. Канешне, калі пабудаваныя заводы і пачата вытворчасць, то на першым этапе цэны будуць вышэйшыя. Але паступова зніжаюцца. І міністрам пастаўлена задача значнага зніжэння цэн. Я думаю, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў гэтая цана будзе вельмі даступная.

Паводле Алега Скрыпко, эфектыўнасць лячэння беларускімі прэпаратамі пілотнай групы пацыентаў з гепатытам С перавысіла 95%. У перспектыве плануецца пераход на бясплатнае лячэнне ўсіх пацыентаў з хранічным вірусным гепатытам С. Варта адзначыць, што 8 год таму курс лячэння аднаго пацыента з гепатытам С каштаваў каля 30-40 тысяч даляраў. У Беларусі стаіць на ўліку больш за 30 тысяч хворых на гэтую вірусную інфекцыю.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя