Штогод у Беларусі прыбаўляецца па тры тысячы хворых на гепатыт С



Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Святлана Лукашык. Паводле спецыялісткі, праблема лячэння хваробы палягае ў адсутнасці сімптомаў на першай стадыі, таму галоўная задача для медыкаў зараз — ранняя дыягностыка.

– І вельмі часта адзінай скаргай пацыентаў з’яўляецца агульная слабасць і хуткая стамляльнасць. Жаўтухі з’яўляюцца вельмі рэдка. Клінічная сімптаматыка больш часта з’яўляецца тады, калі пацыент пераходзіць на стадыю цырозу печані.

У 2015 годзе Беларусь уступіла ў праграму Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая ставіць мэтай ліквідаваць вірусныя гепатыты В і С да 2030 года. Пакуль колькасць пацыентаў з вірусным гепатытам С у Беларусі з года ў год застаецца прыкладна на адным узроўні – 30-33 тысячы чалавек.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя