Дарагі беларускі санаторый



Мы ўводзім 30-дзённы бязвіз і старанна запрашаем у Беларусь турыстаў не таму, што такія гасцінныя – зусім не! Насамрэч дзяржаўнаму бюджэту катастрафічна не хапае грошай.

Звычайным грамадзянам грошай не хапае таксама, але не будзем пра іх цяпер. Думаем пра дзяржаўны інтарэс! Турызм і піяр турызму – такая задача была пастаўлена перад беларускімі чыноўнікамі, і яны спрабуюць яе выконваць… Старанна. Як могуць.

Адна з фішак адпачынку ў Беларусі – санаторыі. Старыя і новыя, прэстыжныя і не вельмі, беларускія санаторыі карыстаюцца асаблівым попытам у турыстаў з РФ, хоць пачалі тут з’яўляцца палякі, літоўцы і нават французы. Хтосьці праходзіць курс лячэння, а хтосьці завітвае на тур выходнага дня.

Гісторыя ў беларускім стылі здарылася ў адным з самых дарагіх і прэстыжных беларускіх санаторыяў – у “Плісе”. Менавіта сюды прыехала на адпачынак дзяўчына-вазочніца з Піцера. Такім чынам, ліпень месяц, “высокі” сезон, санаторый “Пліса” ў Глыбокскім раёне Віцебскай вобласці. Наталля прыязджае ў Беларусь не першы раз – падабаецца! Да таго ж знайсці ў РФ харошы санаторый па беларускіх коштах нерэальна, таму і едуць людзі за тысячы кіламетраў адпачываць ды лячыцца. Зрэшты, адлегласці ў імперыі па суседстве ўспрымаюцца зусім па-іншаму. Гэта беларусам здаецца, што ад Віцебска да Берасця ехаць далёка… Стоп, вяртаемся да санаторскіх будняў.

Дзень адпачынку ў “Плісе” каштуе 120 рублёў і больш. Нумар для людзей з абмежаванымі магчымасцямі каштуе тыя самыя 120 рублёў (або 50 еўра). Наталля папярэдне спісалася з адміністрацыяй санаторыя і распытала, ці створаныя ўмовы для адпачынку і лячэння вазочнікаў. Запэўнілі, што ўсё добра! Яно і зразумела – за такія грошы можна стварыць нармалёвыя ўмовы для ўсіх катэгорый адпачываючых.

Рэаліі трохі расчаравалі. На працэдуры і ў сталоўку вазочнік у “Плісе” хадзіць можа. Побач з возерам шпацыраваць – вольна! Бар, басейн, кінатэатр і СПА-комплекс недасяжныя. То бок выпіць віна ці з’есці марожанае на летняй тэрасе, паплаваць, паглядзець кіно, схадзіць да цырульніка – гэта ўжо раскоша недазволеная! А касметолаг навошта жанчыне на вазку?! У адным з самых дарагіх айчынных санаторыяў, які распачаў працу ў 2016 годзе. Беларусы параілі расейцам пакінуць запіс у кнізе скаргаў і папановаў…

А куды скардзіцца вазочніку з далёкага замежжа, які сустрэне на сваім шляху не адзін бардзюр у 10-15 см? Гэта Беларусь, дзетка! Тут нельга быць нефарматным.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ