У беларусаў з’явіўся свой “укрыжаваны хлопчык”



Выглядае на тое, што ў беларусаў таксама з’явіўся свой “укрыжаваны хлопчык”, якім будуць страшыць постсавецкага абывацеля. Гаворка ідзе пра выпадак, які яскрава апісаў на сваім акаўнце ў фэйсбуку былы актывіст руху “Гавары Праўду” Яўген Канстанцінаў. На сваёй старонцы ён пакінуў лаканічную самахарактарыстыку, якая не патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Цытуем: “Сустаршыня руху “Грамадзянская згода”, журналіст, ідэйны белагвардзеец”. Рух “Грамадзянская згода” – гэта такі праект, які аб’ядноўвае вужа і жабу на агульнай платформе непрыняцця ідэі беларускай дзяржаўнасці. Кажучы проста, гэтае аб’яднанне створанае для таго, каб прапанаваць сябе для расейскага пакупніка ў крытычны момант.

Але вернемся да “ўкрыжаванага хлопчыка”. Пракрамлёўскі актывіст Канстанцінаў сцвярджае, што ў Менску каля аднаго з буйных гіпермаркетаў жорстка збілі мужчыну за тое, што ён быў апрануты ў саколку з лагатыпам непрызнанай рэспублікі ДНР. Нагадаем, што ў той жа Украіне, з якой у Беларусі добрасуседскія адносіны, ДНР лічыцца незаконным збройным фармаваннем. А што да так званага “пацярпелага”, ім з’яўляецца вядомы ў вузкіх колах таварыш Сяргей Ланавенка. Ён, дарэчы, у саколцы ДНР таксама дэфіляваў на маршы “Несмяротнага палка” сёлета 9 траўня.

Цікава, што выпадак з “укрыжаваным хлопчыкам” Ланавенкам адразу пачалі тыражаваць найбольш адыёзныя прарасейскія рэсурсы кшталту “Рэгнума” і “Палітрынга”. Аўтараў гэтых рэсурсаў, дарэчы, нядаўна судзілі за распальванне міжнацыянальнай варажнечы. З падачы гэтых сайтаў інфармацыя пра “беларускіх нацыяналістаў” пайшла гуляць у расейскім сегменце Інтэрнэта. З улікам усіх фактаў, задзейнічаных у гісторыі персаналіяў, а таксама храналогіі падзей, вынікае, што мы маем справу з выпадкам, вельмі падобным на фэйк. Такія фэйкі распаўсюджваюцца звычайна з адной мэтай: каб сфармаваць варожае стаўленне да Беларушчыны. Падобная паліттэхналогія, дарэчы, паспяхова была рэалізаваная ва Украіне напярэдадні вайны. Гвалт спараджае гвалт. Калі закручваецца спіраль нянавісці, то спыніць гэты працэс вельмі складана.

Увогуле сітуацыя са збіццём бугая ў саколцы ДНР падобна на адзін з этапаў маштабнай спецаперацыі. Падазрона, што ўся гэтая тэма пра “агрэсіўных беларускіх нацыяналістаў” актывізавалася на фоне працяглага супрацьстаяння грамадскіх актывістаў з уласнікамі рэстарана “Паедзем паямо” ля Курапатаў. З дадатковых трывожных сімптомаў – настойлівае жаданне Масквы прызначыць на пасаду расейскага амбасадара ў Менску кадравага спецслужбіста, удзельніка шэрагу ваенных авантур Крамля і змагара з расейскімі сепаратызмамі Міхаіла Бабіча. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, прызначэнню гэтага кадра актыўна супраціўляецца беларускі эстэблішмент.

Палітычны аглядальнік партала ТУТБАЙ Арцём Шрайбман некалькі дзён таму назад выказваў занепакоенасць тым фактам, што тэндэнцыйныя рэсурсы кшталту Рэгнума, якія ўчапіліся за гісторыю пра “ўкрыжаванага хлопчыка Ланавенку”, неўзабаве займуць экспертны вакуум у Расеі па беларускай тэматыцы. Для нас гэта нічога добрага не азначае, паколькі іх беларусафобская рыторыка будзе дамінаваць у аналітычных запісках адміністрацыі Уладзіміра Пуціна.

Прыблізна з 2004 года кіраўнік Беларусі ўзяў курс на ўмацаванне незалежнасці. На той момант у прасторы беларускіх гарадоў нечакана з’явілася мноства білбордаў з лаканічным слоганам “За Беларусь”. Гэты пасыл да беларускага грамадства варта было чытаць як наданне прыярытэту менавіта прадзяржаўнай пазіцыі. Зусім не дзіўна, што прыблізна з таго моманту мы назіраем праявы інфармацыйнай вайны супраць беларускай дзяржавы з боку РФ, якую, аднак, паспяховай назваць было цяжка. Для максімальнага эфекту патрэбныя былі ахвяры і беларускі аналаг украінскага “Правага Сектару”. І вось такія ахвяры нібыта з’явіліся. Вобраз ворага завершаны.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ