У бібліятэцы Кангрэсу ЗША захаваліся аўтографы слонімскіх школьнікаў 1926 года



Пра гэта чытачы даведаюцца, калі прачытаюць ліпеньскі нумар гісторыка-краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, які выдаюць Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.

У 1926 годзе адзначалася 150-годдзе з часу ўтварэння Злучаных Штатаў Амерыкі. З гэтай нагоды ў Польшчы прайшла маштабная акцыя – школы і гімназіі атрымалі аднолькавыя аркушы паперы, якія падпісвалі настаўнікі і вучні, а часам і іх бацькі, і віншавалі з юбілеем. Пасля аркушы з подпісамі былі сабраныя ў кнігі, якія перадалі ў ЗША. Амерыканцы захавалі гэтыя дакументы да сённяшніх дзён.

Са свежага нумару “Слонімскага краю” чытачы таксама даведаюцца пра невядомую паштоўку роднай пляменніцы беларускага паэта, калекцыянера і мастака Гальяша Леўчыка (1880-1944), якая захавалася і была адшукана ў адным з прыватных фотаархіваў у Слоніме. Паштоўка была напісана ў Слоніме 28 лістапада 1914 года.

З вялікай цікавасцю чытачы прачытаюць пра слонімскі футбол у міжваенны час (1920-1930-я гады), убачаць новыя аэрафота Слоніма, зробленыя падчас Першай сусветнай вайны, даведаюцца новыя факты пра Саюз беларускай моладзі, пра выставу працоўных дасягненняў на Слонімшчыне ў 1943 годзе і пра многія іншыя цікавыя публікацыі. Змяшчае “Слонімскі край” і невядомы раней спіс жыхароў Слонімшчыны, якія былі забіты партызанамі ў 1942-1943-х гадах.

Газета таксама публікую артыкулы пра Уладзіміра Бялько, які ў 1930-х гадах рэдагаваў газету “Піянер”, пра лёгкаатлета-рэкарстмена Вітальда Гедгаўда, пра Мілераў са Слоніма, якія былі знаёмыя з Рыгорам Распуціным, а таксама пра даследчыка Слонімшчыны Аляксандра Місцюкевіча, які нядаўна адзначыў 75-годдзе…

Свежы нумар і ранейшыя нумары “Слонімскага краю” можна пачытаць і пагартаць тут

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя