Фэст «Жнівень» на Лепельшчыне



Восьмы па ліку фэст “Жнівень” адбыўся на Лепельшчыне ў вёсцы Вялікі Поўсвіж. Ён ладзіцца на аграсядзібе мясцовага краязнаўцы і грамадскага актывіста Васіля Шкіндзера. Сёлета на фэст з’ехаліся як беларусы, так і госці з Расеі ды Латвіі.

Па словах замежных наведвальнікаў фэсту, ім прыемна чуць і бачыць спевы і танцы беларусаў. І яны радуюцца таму, што беларусы не губляюць сваю аўтэнтычнасць.

Я жыву ў Мурманску. Дзяўчыны выдатна спяваюць і моладзь. Нават дзіўна, бо звычайна моладзь сядзіць у камп’ютарах, а тут я пад вельмі добрым уражаннем.

Я з Юрмалы. На жаль мы назіраем, што вельмі мала пакуль мясцовыя ўлады займаюцца прыцягненнем сюды турыстаў. Неяк больш увагі надаецца Заходняй Беларусі, Гарадзеншчыне, Берасцейшчына, а Віцебшчына, як у нас у Латвіі Латгалія, адстае ад заходніх рэгіёнаў і развіваецца ў меншай ступені. Я спадзяюся, што такія рэчы, якія ладзіць Шкіндзер, дапамагаюць развівацца народнай творчасці і прыцягваюць увагу людзей да гістарычнага мінулага.

Падчас фэсту са спевамі выступілі беларускі кампазітар і эстрадны спявак Аляксандр Балотнік, фальклорныя гурты “Варган” і “Рэхта”. Удзельнікі гуртоў зладзілі майстар-клас беларускіх танцаў і фаер-шоў.

Наведвальнікі фэсту змаглі набыць вырабы мясцовых рамеснікаў, паесці мясцовай ежы і папіць гарбаты з зёлак. Свята скончылася агульнай сяброўскай бяседай.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя