У дачыненні да Уладзіміра Хільмановіча пачаты адміністрацыйны працэс (абноўлена)



Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч, да якога заявіўся міліцыянт з паведамленнем, што ідзе праверка па факце змяшчэння ў інтэрнэце фотаздымкаў у падтрымку зняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, лічыць, што міліцыянты выконваюць загад зверху:

– Супрацоўнікі сілавых структур, атрымаўшы загад, хутчэй за ўсё, з КДБ (яны ніколі не прызнаюцца, хто ім аддае з начальства загады), робяць такі маніторынг: бясконца сядзяць і глядзяць усе дэмакратычныя інтэрнэт-рэсурсы, сацыяльныя сеткі грамадскіх актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў. Я б тут не стаў даходзіць да такога паранаічнага страху, што кожны крок наш адсочваецца, але тым не менш кожная мінімальная грамадская актыўнасць, нават такія рэчы, як фотаздымкі ў сацсетках, адсочваюцца гэтым аддзелам замест таго, каб займацца сваімі непасрэднымі функцыямі.

На думку Уладзіміра Хільмановіча, падобныя працэсы распачаліся яшчэ ў 2013 годзе з Гародні:

– Працэс складання адміністрацыйных пратаколаў і адпаведных судоў за нібыта правядзенне несанкцыянаваных мерапрыемстваў, пікетаў – менавіта з Гародні, калі мы ўтрох (я, Віктар Сазонаў і Раман Юргель) сфатаграфаваліся ў снежні 2013 года ў падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага і выставілі фотаздымкі ў інтэрнэт. Гэта не быў звыклы пікет, нікога не было, калі мы фатаграфаваліся. Тым не менш, гэта было кваліфікавана юрыдычна як правядзенне несанкцыянаванага пікета. З гледзішча праўнага, гэта абсалютны абсурд, бо з такім жа поспехам можна судзіць кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які выстаўляе нейкія фотаздымкі ў сацсеткі.

Хільмановіч лічыць, што такім чынам можна судзіць любога чалавека, нават футбольнага фаната, які фатаграфуецца ў кашулі свайго улюбёнага футбаліста.

Поўны гук – у далучаным файле:

* * *

У дачыненні да гарадзенскага публіцыста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча пачаты адміністрацыйны працэс. 30 ліпеня на кватэру, дзе пражывае журналіст, з’явіўся прадстаўнік аддзелу прафілактыкі Ленінскага РАУС і паведаміў, што ідзе праверка па факце змяшчэння ў інтэрнэце фотаздымкаў у падтрымку зняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.

Беларускае Радыё Рацыя таксама паведамляла пра флэш-моб, у якім удзельнічаў Уладзімір Хільмановіч.

Ад давання пісьмовых тлумачэнняў Уладзімір Хільмановіч адмовіўся. Пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне пакуль не складзены, але праваабаронца не сумняваецца, што неўзабаве яго чакае разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе.

13 ліпеня ў Гародні Уладзімір Хільмановіч сфатаграфаваўся з партрэтам Алега Сянцова ля муроў Каложскай царквы. Здымкі былі выстаўлены ў інтэрнэце. У гэты дзень па ўсім свеце праходзіў флэшмоб у падтрымку палітвязня. Людзі фатаграфаваліся ў знакавых месцах сваіх гарадоў і выстаўлялі фотаздымкі на інтэрнэт-рэсурсах.

паводле http://harodniaspring.org/