У Віцебскай вобласці прадухіленае замоўленае забойства з помсты



Супрацоўнікі 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Беларусі прадухілілі здзяйсненне замоўленага забойства 21-гадовай жанчыны.

Як паведамляе начальнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю 7-га ўпраўлення ГУБАЗіК Руслан Баязітаў, пра тое, што грамадзянін Арменіі 1967 года нараджэння, які жыве ў гарадскім пасёлку Багушэўск Сенненскага раёна на праве жыхарства, актыўна шукае выканаўцу для замоўленага забойства, стала вядома праваахоўным органам вясной гэтага года. Мэтай наёмнага забойцы павінна была стаць 21-гадовая аднавяскоўка. Жыццё маладой жанчыны замоўца ацаніў у тысячу долараў.

Падчас дэталёвай распрацоўкі інфармацыі, якая паступіла, супрацоўнікамі ГУБАЗіК было ўстаноўленае, што мужчына год таму страціў 16-гадовага сына ў дарожна-транспартным здарэнні. Аўтамабілем Ford Focus кіравала жыхарка Багушэўска. На закругленні дарогі Ford зачапіў абочыну, кіроўца страціла кантроль над машынай, і яе вынесла на сустрэчную паласу, дзе аўтамабіль на поўнай хуткасці ўрэзаўся ў „Ніву”, за рулём якой быў 75-гадовы мужчына. Ад атрыманых траўмаў 17-гадовая пасажырка Ford памерла на месцы, 16-гадовы юнак памёр у бальніцы.

Вінаватым у ДТЗ была прызнаная жанчына, якая кіравала Ford. Судом ёй было прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць гадоў з накіраваннем у папраўчую калонію-пасяленне ў Гомельскай вобласці.

Выканаўцу замоўленага забойства грамадзянін Арменіі шукаў як у Беларусі, так і ў Расіі. Супрацоўнікамі ГУБАЗіК быў усталяваны грамадзянін Беларусі 1979 года нараджэння, жыхар РФ, якому замоўцам было прапанаванае выканаць гэтае злачынства. Далейшая рэалізацыя злачыннага намеру праходзіла пад кантролем аператыўных супрацоўнікаў.

Замоўца пазбягаў тэлефонных размоў і іншых кантактаў праз сродкі камунікацыі, абмеркаванне ўсіх пытанняў праходзіла толькі пры асабістых сустрэчах, падчас якіх настойваў на здзяйсненні злачынства. У якасці доказу выкананай працы „кілер” перадаў фатаграфію ахвяры з адрэзанай канечнасцю, зробленую пры дапамозе фотамантажу. Пакутніцкая смерць была адной з умоў дагавора.

Пасля таго як замоўца дэталёва абгаварыў умовы аплаты выкананай працы, ён быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК пры сілавой падтрымцы АМАП.

27 ліпеня было распачатая справа на падставе ч. 4 арт. 16 і п. 12 ч. 2 арт. 139 КК.

Падазраваны ў здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства арыштаваны і знаходзіцца ў ІЧУ Віцебска.

belapan.by