“Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”



Капыльскі раён – гістарычная Случчына.

Падчас савецка-польскай вайны землі пераходзілі то на савецкі, то на польскі бок.

У сярэдзіне кастрычніка 1920 г. польскі і савецкія ўрады пачалі дамаўляцца аб перамір’і, што скончылася падпісаннем у сакавіку 1921 г. Рыжскага міру.

Паміж польскімі і савецкімі ўрадамі была дасягнута дамоўленасць пра дэмаркацыйную лінію, якая павінна была стаць мяжой паміж дзвюма дзяржавамі. Паласа шырыней у 15 кіламетраў, што праходзіла ўздоўж дадзенай лініі, была абвешчана нейтральнай зонай, з тэрыторыі якой былі выведзены савецкія і польскія войскі.

У лістападзе 1920 г. польская адміністрацыя, адыходзячы з горада, аддала ўладу Беларускаму народнаму камітэту (БНК). У горадзе былі вывешаны бел-чырвона-белыя сцягі Беларускай Народнай Рэспублікі. У вёсках былі створаны органы самакіравання. Патрыятычная частка насельніцтва зрабіла спробу аднаўлення БНР. Было вырашана правесці агульны з’езд Случчыны.

З 14 па 15 лістапада 1920 года быў праведзены з’езд, які абвясціў Раду Случчыны. Гэты орган абвясціў незалежнасць Случчыны і падпарадкаваўся ўраду БНР, які з 1918 г. дзейнічаў у выгнанні. 

На з’ездзе было прынята рашэнне аб стварэнні атрадаў самаабароны ад чаканага наступу савецкіх войск.

Утвораная вайсковая фармацыя атрымала назву Слуцкай брыгады, складалася з двух палкоў: 1-ай Слуцкай брыгады і 2-га Грозаўскага палка.

Агулам налічвала 10 тыс. чалавек, 6 тыс. чалавек было ў рэзерве.

1-ым Слуцкім палком камандаваў Павел Чайка, а 2-м Грозаўскім палком – Лукаш Семенюк.

Прыхільнікі незалежнай Беларусі падтрымалі Слуцкі Збройны Чын, але практычна дапамагчы не маглі. У знак маральнай падтрымкі з Гародні прыслалі сцяг з Пагоняй і словы “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”.

Палешукі з Лунінеччыны на пачатку паўстання з дапамогай Беларускай вайсковай камісіі перадалі трохі зброі, невялікую колькасць вінтовак і кулямоты.

Вёску Семежава большасць беларусаў ведае дзякуючы каляднаму абраду “Цары” (“Калядныя цары”), які занесены ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

У былым мястэчку 24 лістапада 1920 г. з’явіўся 1-ы штаб Слуцкай брыгады. Пасля ўцёкаў Часовага ўраду са Слуцка  29 лістапада 1920 г. Семежава стала на некалькі дзён месцам знаходжання штаб-кватэры паўстанцаў.

Першая сутычка паўстанцаў з бальшавікамі адбылася 27 лістапада 1920 г.

Асабліва жорсткія сутычкі былі па лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна (зараз Чырвоная Слабада).

Паўстанцы трымаліся да 28 снежня 1920 г. Потым яны перайшлі мяжу і здаліся палякам. На польскім баку іх чакаў не той прыём, на які яны, магчыма, разлічвалі. Так, польскія ўлады неафіцыйна выдалі саветам Анастаса Анцыповіча і Ахрэма Гаўрылавіча. Пасля доўгіх здзекаў яны былі расстраляны.

Юліян Сасноўскі скончыў жыццё самагубствам, не вытрымаўшы здзекаў польскага боку. Астатнія вязні былі пад вартай у Беластоку да 1921 г.

Адзін з удзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну Браневіцкі быў забіты ў Польшчы НКУСаўцам.

Тыя паўстанцы, якія вярнулі назад, спачатку былі пад наглядам, а потым іх адправілі: каго ў Караганду, каго на Салаўкі і на Калыму. Назад яны не вярнуліся.

Капыль цесна звязаны з жыццем і дзейнасцю Цішкі Гартнага (Зміцер Жылуновіч). Даведзены да адчаю, не вытрымаўшы прэсінгу саветаў, скончыў жыццё самагубствам. Пахаваны ў Пячэрскім парку ў Магілёве.

Каля аграгарадка Цімкавічы блізка праходзіла савецка-польская мяжа, якую ахоўваў 17 Цімкавіцкі Чырвоназменны памежны атрад. У ДУА “Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага” створаны музей памяці памежнікаў гэтага атрада.

У 1962 г. быў пабудаваны яшчэ адзін музей – Літаратурны музей імя Кузьмы Чорнага. У 1938 г. Кузьму Чорнага арыштавалі і пасадзілі на 8 месяцаў у Менскую турму.

“Слуцкая брама – непарушны мур. Слуцкая брама – сведка авантур. Слуцкая брама – гонар твой не знік. Слуцкая брама – я твой вартаўнік” (з песні “Слуцкая брама” беларускага гурта “Крама”). Слуцкая брама, г.Нясвіж Менская вобл.

Помнік Гартнаму. Урачыста адкрыты 14 мая 2000 г. у цэнтры Капыля на плошчы Леніна каля музея. Помнік усталявалі паводле рашэння адміністрацыі Менскай вобласці. Скульптар Уладзімір Бандарэнка стварыў мемарыяльны камень у форме надмагілля, на якім размешчана выява і выбіта імя Цішка Гартны, З.Х. Жылуновіч.

Бюст беларускага пісьменніка, грамадска-палітычнага дзеяча Цішкі Гартнага. Зроблены Заірам Азгурам у бронзе, ліццё. Стаіць у Капыльскім краязнаўчым музеі.

Графіці на ДУ “Капыльскі краязнаўчы музей”. Графіці было намалявана да Дня горада ў 2017 г. Гэта партрэт дзяўчыны з распушчанымі валасамі, якія сімвалізуюць рэкі. У валасы “ўплецены” славутасці Капыльшчыны. Аўтары малюнка Павел Кіскевіч і Ала Маліноўская. На графіці можна ўбачыць храмы Капыля і раёна, забудову старога горада – Капыльскае прадмесце, будынак страчанага касцёла.

Экспанат ДУ “Капыльскі краязнаўчы музей”.

Макет палаца Эдварда Вайніловіча ў Савічах. Дыпломная праца па тэме “Сядзіба Вайніловічаў у вёсцы Савічы Капыльскага раена Менскай вобласці”. Праца выканана Вайценка Анастасіяй, навучэнкай гімназіі № 75 г.Менска. Знаходзіцца ў Капыльскім краязнаўчым музеі.

Капыльскае прадмесце – прыклад гарадской забудовы пач. ХХ ст. У гэтых старых будынках, як і сто гадоў назад, месцяцца крамы і жылыя дамы.

Адзін з будынкаў Капыльскага прадмесця крама “Сузор’е смаку”. Рашэння пабудаваць цагляныя будынкі было прынята пасля пажару 1905 г. Гістарычная назва Капыльскага прадмесця – Рынак.

Памятная дошка ў выглядзе помніка. У такім выглядзе нядаўна. Раней памятная дошка Цішкі Гартнага вісела на доме, у якім ён нарадзіўся. Была павешана па ініцыятыве адміністрацыі Капыльскага раёна ў 1995 г. Надпіс на дошцы на беларускай мове: “На гэтым месцы стаяў дом, у якім нарадзіўся вядомы пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч, старшыня рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі 1919 г.”

Месца на доме, дзе раней вісела памятная дошка Цішкі Гартнага.

Дом, у якім нарадзіўся пісьменнік і грамадскі дзеяч, акадэмік АН БССР Цішка Гартны. Памятная дошка. Знаходзіцца на вул. Жылуновіча, 39. Агульны выгляд.

Вуліца ў гонар беларускага пісьменніка. Надпіс зроблены на рускай мове.

Лавачка Кахання ў Капыльскім прадмесці.

Замкавая гара – гістарычны цэнтр горада. У 2017 г. пачалася рэканструкцыя Замкавай гары. Былі праведзены археалагічныя раскопкі, плануецца будаўніцтва абарончай вежы і сядзібы сяр. 17 ст. Плануецца зрабіць рэканструкцыю вясельнага абрада “Апекуны шчасця” і правядзенне археалагічных фестываляў.

Капыльская крыніца. Праведзены хімічны аналіз вады сведчыць, што вада з Капыльскай крыніцы высокамінералізаваная і адносіцца да ліку гідракарбанатных кальцыява-магнітных вод.

Памятная дошка беларускаму пісьменніку на сцяне Літаратурнага музей імя Кузьмы Чорнага ў аграгарадку Цімкавічы Капыльскага раёна. Музей быў пабудаваны ў 1962 г. Першапачаткова музей ствараўся на базе школьнага, а ў 1993 г. атрымаў статус дзяржаўнага. Сярэдняя школа ў аграгарадку носіць імя К.Чорнага.

Крыж у памяць Слуцкага збройнага чыну 1920 г. у Семежава. Быў усталяваны з нагоды гадавіны пераносу штаб-кватэры паўстанцаў у Семежава 29 лістапада 1992 г. слуцкімі суполкамі Беларускага Народнага Фронту і Мартыралогу Беларусі. Першапачатковы крыж быў драўляны, чатырохметровы, на ім вісела ікона Багародзіцы, якую атачаў цярновы вянок. Нядаўна крыж быў заменены. На надмагіллі надпіс “Змагарам за незалежнасць Бацькаўшчыны, удзельнікам Слуцкага паўстання 1920 г.” Крыж стаіць на тэрыторыі старой школы.

Валун, памятны камень з шыльдай, на якой напісаны год заснавання Семежава.

Помнікі савецкай архітэктуры ў Семежава.

На адной з вуліц.

Інфамацыйная дошка каля музея легендарнага галоўнага канструктара Менскага аўтамабільнага завода, Героя Беларусі, акадэміка НАН Міхаіла Высоцкага. Музей створаны ў бацькоўскім доме ў 2008 г. У гэтым жа годзе акадэмік атрымаў званне “Ганаровага грамадзяніна Капыльскага раёна”. Мясцовая школа ў Семежава названа ў гонар Міхаіла Высоцкага.

Крыж памяці Слуцкага збройнага чыну 1920 г. у Грозаве (Грозаў). Крыж з нагоды 74-х угодкаў быў асвечаны 27 лістапада 1994 г. Знаходзіцца ў цэнтры населенага пункта насупраць месца, дзе да 1930-га г. стаяла царква Св.Мікалая. Ініцыятарамі ўсталявання крыжа выступілі аб’яднанне Мартыралог Беларусі і Беларускі Народны Фронт. Спраектаваў шасціканцовы крыж мастак Мікола Купава. Зрабілі скульптары Станіслаў Бандалевіч і Уладзімір Слабодчык. Шасціканцовы крыж вышынёй пяць метраў стаіць на п’едэстале з каменёў. На верхняй папярэчыне вісела металічная шыльда з гістарычным беларускім гербам “Пагоня”. Зараз металічнай шыльды з выявай “Пагоні” няма, але бачна месца, дзе яна вісела.

Адзін з будынкаў былых габрэйскіх гандлёвых радоў, зараз тут працуе пошта.

Драўляныя ўпрыгожванні вуліц.

Дом-сядзіба Мержэеўскіх. У 1920 г. тут быў адзін з цэнтраў паўстанскага руху. Збіралі вопратку, абутак для ўдзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну. Дом пабудаваны ў 18 ст. у стылі класіцызму. У савецкі час у гэтым будынку была школа, да 1975 г. Будынак сядзібы набыла адна салігорская фірма, планавала зрабіць тут санаторый. Падчас рэстаўрацыйных работ былі знесены бакавая дабудова і аранжэрэі. Зараз працы па рэканструкцыі замарожаны.

Знайдзі могілкі. Знешні выгляд каталіцкіх “польскіх” могілак у Грозаве. Могілкі размешчаны на “польскай” гары. Няма ніводнага інфармацыйнага знака, які б паказваў, што тут, пакуль што, ёсць могілкі канца 19-пач. 20 стст. Могілкі знаходзіліся ў добрым стане яшчэ ў пач. 90-х гг. Знішчаць іх пачалі ў 2000-х.

Каталіцкія могілкі. У пошуках польскага золата магілы выкапвалі мясцовыя і жыхары суседніх вёсак. Выкапаная магіла і павалены помнік.

Адзін з паваленых помнікаў. Надпіс добра чытаецца.

Частка помніка з надпісам. Прадпрымальнікі, якія займаюцца рытуальнымі паслугамі, забіраюць старыя надмагільныя пліты і помнікі, бо тыя з добрага матэрыялу.

Яшчэ адна вырытая магіла з паваленым помнікам. Жыхары Грозава ведаюць, у каго захоўваюцца пахавальныя пярсцёнкі.

Уцалелая магіла з помнікам. Усе могілкі зараслі баршчавіком.

Уля Шубзда, Ганна Шарэнда