У Вярхоўным судзе гатовыя абмяркоўваць змякчэнне пакарання за дзеянні з наркотыкамі



У Вярхоўным судзе гатовыя разглядаць магчымае змякчэнне санкцый за незаконныя дзеянні з наркотыкамі без мэты збыту.

„Я гатовы абмяркоўваць тэму крымінальнай адказнасці за незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі без мэты іх збыту, — сказаў першы намеснік старшыні ВС Валерый Калінковіч на прэс-канферэнцыі 31 ліпеня ў Менску. — Там сапраўды ў шэрагу выпадкаў злачынства ходзіць побач з вялікай бядой, якая наведвае і самога наркамана, і яго сям’ю, і блізкіх, і сяброў, і ўсіх астатніх, хто гэтага чалавека акружае”.

У гэтым выпадку, паводле яго слоў, „крымінальная адказнасць павінна з’яўляцца адным з магчымых інструментаў для таго, каб чалавек пачаў змагацца з хваробай, перамог яе і вярнуўся ў грамадства нармальным яго членам”.

Пры гэтым, кажучы пра „ўсё астатняе”, звязанае з незаконным абаротам наркотыкаў, Калінковіч заявіў, што Вярхоўны суд не бачыць ніякіх аб’ектыўных перадумоў для змякчэння адказнасці за незаконныя дзеянні з наркатычнымі сродкамі, учыненыя з мэтай іх збыту. „Гэта вельмі небяспечнае злачынства, гэта фактычна распаўсюджванне смерці”, — канстатаваў ён.

Паводле слоў першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда, „закон у той рэдакцыі, у якой ён існуе, з улікам мер прафілактыкі і процідзеяння злачыннасці, якія прымаюцца, аб’ектыўна спрыяў аздараўленню крымінагеннага становішча ў гэтай сферы”.

Калінковіч таксама спаслаўся на ацэнкі міжнародных экспертаў, якія адзначаюць, што сёння наркатычныя сродкі на тэрыторыі Беларусі адны з самых дарагіх у рэгіёне. „А гэта таксама адзін з паказчыкаў эфектыўнасці процідзеяння гэтай з’яве. Чым даражэйшая доза, тым больш складана звычайнаму спажыўцу яе здабыць”, — канстатаваў прадстаўнік Вярхоўнага суда.

Згодна са звесткамі судовай статыстыкі, за шэсць месяцаў 2018 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года колькасць асуджаных па „наркатычных” артыкулах Крымінальнага кодэкса скарацілася на 18,6%. Пры гэтым больш як у два разы зменшылася колькасць непаўналетніх, асуджаных за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, — з 54 да 26.

У першым паўгоддзі 2018 года на падставе артыкулаў 322—327 КК асуджана 1.276 чалавек, або 6,3% у агульным аб’ёме правасуддзя. У першым паўгоддзі 2017 года гэтыя паказчыкі складалі 1.568 і 7,4%.  БелаПАН