Апазіцыі неабходны Кангрэс нацыянальнага адзінства



Няздольнасць беларускай апазіцыі вызначыць адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2015 года – яшчэ адзін доказ недзеяздольнасці да супольнай працы ўсёй дэмакратычнай апазіцыі. Так лічыць сустаршыня беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

– Аляксандру Лукашэнку і беларускім спецслужбам зараз выгадна раздрабліваць беларускую апазіцыю і знішчаць усіх па адным. Спачатку тых, хто больш жорстка іх крытыкуе, пакідаючы больш лаяльных. Ну, а пасля справа дойдзе і да тых, хто сёння нават агітуе, каб Еўразвяз даў грошы Лукашэнку. Будуць знішчаны ўшчэнт усе. Застанецца Гайдукевіч, нібыта апазіцыянер. І гэта мэта сённяшняй улады. Дзеля таго, каб гэтага не дапусціць, каб у Беларусі захавалася незалежная ад спецслужбаў і Лукашэнкі апазіцыя, патрэбны любыя фарматы супольных дзеянняў.

На думку Віталя Рымашэўскага,  неабходна склікаць Кангрэс нацыянальнага адзінства,  на якім  усе суб’екты палітычнага жыцця ў Беларусі і па-за яе межамі вызначаць найважнейшыя прынцыпы  адзінства краіны. Такі кангрэс з удзелам сяброў Рады БНР і палітыкаў, якія з-за палітычнай сітуацыі былі вымушаны з’ехаць за мяжу, мог бы адбыцца вясной наступнага года ў Вільні.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by