Валер Карбалевіч: Ідзе ціск на Беларусь



Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра тое, каму патрэбны інфармацыйныя закіды пра праблемы са здароўем у беларускага кіраўніка.

Нагадаем, што апошнія дні ў Інтэрнэце актыўна абмяркоўваліся магчымыя праблемы са здароўем беларускага кіраўніка. У расейскіх СМІ паведамлялася, што ў Аляксандра Лукашэнкі мог здарыцца інсульт, таму быў адменены візіт у Гомель.

Тым часам, 31 ліпеня дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што кіраўнік дзяржавы прыняў у сябе старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачэнку.

Валер Карбалевіч: Як вядома, адсутнасць Лукашэнкі на публіцы не пацвердзілася. І самае цікавае, што пайшла інфармацыя з расейскага рэсурса “Нязыгар”, якім валодае кіраўнік ТАСС. Адтуль жа пайшло паведамленне і пра быццам бы расейска-беларускі канфлікт вакол новага пасла Расеі ў Беларусі. Маўляў, беларускі бок нязгодны. Адным словам, мы бачым вельмі шчыльную завязку расейскіх прапагандыстаў на беларускую тэматыку. Ствараецца ўражанне, што ідзе нейкая непрыхаваная інфармацыйная атака на Беларусь. Не выключана, што робіцца гэта з удзелам расейскіх спецслужб. 

РР: Лагічнае пытанне: навошта?

Валер Карбалевіч: Магчыма, ёсць нейкія новыя кулуарныя канфлікты ў баларуска-расейскіх стасунках, якія пакуль не выходзяць на паверхню. Магчыма, адно пытанне – з новым амбасадарам. Акрамя таго, так супала, што з’явілася інфармацыя: Уладзімір Пуцін запрасіў Лукащэнку на перамовы ў Сочы. І якраз напярэдадані перамоваў пайшла такая масіраваная інфармацыйная атака фактычна на Лукашэнку. Магчыма, гэта такі псіхалагічны ціск на беларускага кіраўніка.

Кастусь Заблоцки, Беларускае Радыё Рацыя