Трое расейскіх журналістаў загінулі ў Афрыцы
„Мы рабілі разам праект. Пазаўчора ўвечары яны выходзілі на сувязь апошні раз. Праўда, вельмі цяжка гаварыць, гэта мае сябры”, — сказаў Бі-Бі-Сі галоўны рэдактар Цэнтру кіравання расследаваннямі Андрэй Каняхін.
У ЦАР, паводле суразмоўцаў тэлеканала „Дождь”, загінулыя здымалі фільм пра дзейнасць ЧВК „Вагнер”.
Забітыя журналіст Архан Джэмаль, аператар Кірыл Радчанка і рэжысёр Аляксандр Растаргуеў.
Гібель Архана Джэмаля Бі-Бі-Сі раней пацвердзіў ягоны сябар Максім Шаўчэнка.
Першым пра гібель журналістаў паведаміла агенцтва France-presse са спасылкай на крыніцы. Паводле яго дадзеных, забітыя меркавана, былі расейцамі і ў іх былі пры сабе прэс-карты.
Іх целы былі выяўленыя на дарозе за 23 кіламетры ад горада Сібю, высветліла агенцтва. Паводле дадзеных крыніц, яны былі забітыя „невядомымі ўзброенымі людзьмі”.