Пазнай свайго!



Жыццё ў Беларусі камусьці можа падацца шэрым і аднастайным, але насамрэч гэта не так! Прыдумкі буржуйскія. Нават айчынныя камунальнікі вырашылі дадаць колеру.

У прыватнасці, у Гародні рахуначкі даўжнікам камунальнікі будуць дасылаць не таго колеру, што ўсім астатнім – ужо добранадзейным! – месцічам. Атрымліваць жоўтыя жыроўкі будуць тыя, хто залічаны ў нядобранадзейныя. Такое сабе ноў-хаў горада над Нёманам прапанавалі ў аддзеле прававой і кадравай работы адзінага інфармацыйнага разлікова-справачнага цэнтра. Маўляў, дадзеныя меры будуць сігналізаваць пра наяўнасць запазычанасці. Ці злоснай запазычанасці.

Паштовыя скрынкі даўжнікоў усё пакажуць. З іншага боку, калі ў жыроўцы будзе пазначана большая сума запазычанасці, чымсьці ёсць насамрэч, то адказваць будуць ужо камунальнікі. Атрымаюць штраф у дзве базавыя (49 рублёў). Пры паўторным парушэнні маем ад 6 да 10 базавых велічыняў, а не проста пераразлік. Такія змены пачнуць працаваць з 29 кастрычніка бягучага года.

Месцамі жыццё насамрэч робіцца аднастайным і шэрым, але ж не летам! То ці варта нервавацца з-за дробязей? Недахоп грошай і запазычанасці рознага роду – дробязі? Філасофскае пытанне. У параўнанні са збліжэннем Зямлі і Марса напрыканцы ліпеня – так, менавіта дробязі жыцця. Гэта самая цесная сустрэча астранамічных цел за апошнія 15 гадоў. Маем шанец паназіраць за Чырвонай планетай зблізку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ