Рыхтуецца пілігрымка на сустрэчу з Папам Рымскім
З 1-га жніўня пачалася рэгістрацыя на ўдзел у пілігрымцы да Папы Рымскага Францішка.
Пантыфік будзе з візітам у Літве з 22 па 23 верасня.
22-га верасня на віленскім Катэдральным пляцы пройдзе сустрэча з моладдзю. А 23-га верасня адбудзецца сустрэча і набажэнства ў Коўне, дзе імшу правядзе глава Касцёла.
Распавядае наш карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Удзельнікі пілігрымкі змогуць убачыць Святога Айца 22-га верасня ў Вільні, на пляцы Даўкантаса, па дарозе ад Вострай брамы да Катэдральнага пляцу, дзе пройдзе спатканне Папы з моладдзю, а потым па дарозе да Апостальскай нунцыятуры. 23-га верасня ў нядзелю пасля Святой імшы ў ковенскай Сантоцы Папа Францішак будзе праязджаць папа-мабілем да Ковенскай катэдры. Вечарам Папу можна будзе спаткаць на Лукішскім пляцы, а таксама падчас яго вяртання з Лукішскага пляца да нунцыятуры.
Рэгістрацыя патрэбна толькі для тых, хто хоча трапіць у сектары, найбліжэйшыя да сцэны. Пілігрымкі ў Вільню і Коўна ладзяцца рыма-каталіцкімі дыяцэзіямі і Беларускай грэка-каталіцкай царквой. Апошні візіт пантыфіка ў Літву быў у 1993 годзе. Тады, Папа Ян Павел ІІ сустракаўся з вернікамі Беларусі, якія прыехалі ў Вільню адмысловым цягніком з Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня