БАТЭ выйшаў у 3-і адборавы раўнд Лігі чэмпіёнаў



БАТЭ выйшаў у 3-і адборавы раўнд футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У першым паядынку другога раўнда каманда з Менскай вобласці разышлася мірам з фінскім ХІКам – 0:0. У Хельсінкі была весялейшая гульня, якая скончылася перамогай БАТЭ – 2:1

Першы тайм выдаўся ўраджайным на вострыя моманты. У шэрагах чэмпіёна Беларусі саліраваў капітан Ігар Стасевіч.  На 20-й хвіліне сустрэчы пасля яго моцнага ўдару мяч трапіў у плечы капітана фінскага клуба Рафіньі і спікіраваў у сетку. Праз чатыры хвіліны пасля імклівай контратакі Стасевіч ужо сам зрабіў усё па-майстэрску і значна ўзняў стаўкі прыезжай каманды – 2:0. 

Аднак цешыліся барысаўцы спакоем нядоўга – ужо на 28-й хвіліне абаронцы БАТЭ праспалі далёкі стрэл Маштаба Ягубі і брамнік беларусаў Дзяніс Шчарбіцкі капітуляваў. Да перапынку лік не змяніўся.

У другім тайме ХІК вёў мэтны і пагрозлівы штурм брамы БАТЭ. Барысаўцы адчайна адбіваліся і арганізоўвалі рэдкія контратакі. Зноў некалькі момантаў сапсаваў форвард Мікалай Сігневіч. У цэлым БАТЭ пасіўна вёў гульню. Але здолеў утрымаць патрэбны лік.

У наступным раўндзе БАТЭ сустрэнецца з пераможцам спабору паміж азербайджанскім „Карабахам” і албанскім „Кукесі”.

Пазней стала ведама, што гэта будзе „Карабах”, які выйграў у хатнім матчы з лікам 3:0.

Беларускае Радыё Рацыя