Зварот да Шуневіча: Не выкарыстоўваць ДАІ для пераследу абаронцаў Курапат
Гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Андрэй Стрыжак запатрабавалі ад міністра МУС Ігара Шуневіча спыніць пераслед абаронцаў Курапат праз службу ДАІ. Яны напісалі электронны зварот, пад якім збіраюцца подпісы. У звароце гаворыцца, што недапушчальна пераследаваць абаронцаў Курапатаў – памятнага ўрочышча, дзе знайшлі смерць тысячы ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
Абаронцы ўрочышча маюць права на мірны сход і на публічнае свабоднае выражэнне сваіх меркаванняў, – лічаць праваабаронцы.
Кажа адзін з іх – Леанід Судаленка:
Акрамя таго, што мы збіраем подпісы ў інтэрнэце, звярнуліся да міністра МВД Шуневіча, каб ён перастаў выкарыстоўваць супрацоўнікаў ДАІ, падначаленых яму, для пераследу абаронцаў Курапат. Таксама мы распачалі такую акцыю, як дапамога Міхасю Грамыку, гэта міліцыянт, які стаў у шэрагі абаронцаў Курапат, на заўтра ж ён быў звольнены з працы, затрыманы і пасаджаны на 10 сутак арышту.
Паводле праваабаронцаў, петыцыю на гэты момант падпісалі 96 чалавек. Збор подпісаў працягваецца на сайце svarot.by.
Беларускае Радыё Рацыя