Каталіцкі касцёл заявіў пра поўнае непрыманне смяротнай кары



Папа рымскі Францішак зацвердзіў новую рэдакцыю параграфа № 2267 катэхізіса каталіцкага касцёла, у якім ідзе гаворка пра стаўленне гэтага рэлігійнага інстытута да праблемы смяротнага пакарання, паведамляе афіцыйны  партал Ватыкана.

У змененым параграфе гаворыцца, што „прымяненне смяротнай кары з боку законных уладаў пасля справядлівага судовага працэсу доўгі час лічылася адэкватным адказам на некаторыя злачынствы і дапушчальным сродкам, нават калі і выключным, для абароны агульнага дабра”.

„Сёння ўсё больш умацоўваецца ўсведамленне таго, што чалавек не губляе сваёй годнасці нават пасля ўчынення найцяжкіх злачынстваў, — адзначаецца ў гэтым параграфе катэхізіса. — Акрамя таго, распаўсюдзілася новае разуменне сэнсу крымінальнага пакарання з боку дзяржавы. Нарэшце, з`явіліся больш эфектыўныя сістэмы абмежавання волі, якія гарантуюць належную абарону грамадзян і адначасова не пазбаўляюць канчаткова вінаватага магчымасці адкуплення сваёй віны”.

Каталіцкі касцёл мае намер з усёй рашучасцю спрыяць адмене смяротнага пакарання ва ўсім свеце і настаўляе на тое, што гэты від пакарання абсалютна недапушчальны, бо „замахваецца на недатыкальнасць і годнасць чалавека”.

У ранейшай рэдакцыі параграфа гаварылася, што традыцыйнае вучэнне касцёла „не выключае прымянення смяротнага пакарання, калі гэта адзіна магчымы шлях абароны жыцця людзей ад несправядлівага агрэсара, а таксама ў тым выпадку, калі асоба і адказнасць вінаватага цалкам устаноўленыя і даказаныя”.

Каталіцызм — другая пасля праваслаўя хрысціянская канфесія ў Беларусі па колькасці вернікаў. Паводле статыстычных дадзеных, да каталіцкай веры сябе далучаюць каля 1,4 млн грамадзян краіны.

Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая ўжывае смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання. Толькі адзін з асуджаных памілаваны прэзідэнтам. Еўрапейскія структуры і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі ўлады Беларусі да адмены смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання з`яўляецца адной з найважнейшых умоў для членства краіны ў Савеце Еўропы.

belapan.by