Украіна возьме ўдзел у дзіцячым „Еўрабачанні-2018”, якое пройдзе ў Менску
Да рэкорднай колькасці ўдзельнікаў міжнароднага дзіцячага конкурсу песні „Еўрабачанне-2018” у Менску далучылася яшчэ адна краіна. Як паведамляе Белтэлерадыёкампанія, Еўрапейскі вяшчальны саюз (ЕВС) і наглядальны савет конкурсу 2 жніўня ўхвалілі заяўку Украіны на ўдзел у песенным форуме.
Раней у Кіеве заявілі аб адмове ад удзелу ў конкурсе па прычыне фінансавых цяжкасцяў. Аднак пасля афіцыйнага апублікавання 25 ліпеня спісу з 19 краін, якія пажадалі адправіць сваіх канкурсантаў у Менск, у ЕВС паступіла заяўка і з Украіны.
„Удвая прыемная навіна. Па-першае, мы рады, што наша паўднёвая суседка возьме ўдзел у конкурсе — там вельмі падрыхтаваныя дзеці, і гэта велізарная аўдыторыя гледачоў. Па-другое, мы сталі ўладальнікамі рэкорду дзіцячага „Еўрабачання”, сабраўшы заяўкі ад 20 краін. Падрыхтоўка да конкурсу ідзе поўным ходам, праўда, прыйдзецца ўнесці карэктывы ў некаторыя элементы. Мы не сумняваліся, што збярэм максімальныя 18 краін, ад гэтага і адштурхоўвалася агульная канцэпцыя, але нас стала больш. Дадалося трохі клопатаў, зрэшты, прыемных”, — сказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі, генеральны прадзюсар дзіцячага „Еўрабачання-2018” Іван Эйсмант.
Нагадаем, свой удзел у цяперашнім форуме пацвердзілі Албанія, Арменія, Аўстралія, Азербайджан, Беларусь, Францыя, Македонія, Грузія, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Казахстан, Мальта, Польшча, Партугалія, Расея, Сербія, Нідэрланды, Уэльс (Вялікабрытанія). Дарэчы, Казахстан і Уэльс удзельнічаюць у конкурсе ўпершыню.
Міжнародны дзіцячы конкурс песні „Еўрабачанне-2018” пройдзе ў Беларусі ў лістападзе.
belapan.by