Ліга Еўропы: менскае і берасцейскае „Дынама” ідуць далей



2 жніўня адбыліся матчы ў адказ футбольнай Лігі Еўропы. Прайшоў другі кваліфікацыйны раўнд адбору.

Менскае „Дынама” пасля гасцявой вікторыі 3:1 ў Славакіі над мясцовым клубам „Дунайска Стрэда” на сваім полі не мела ніякіх праблемаў і дамаглося перамогі з пераканаўчым лікам 4:1.  Мячы ў дынамаўцаў забілі Нікаліч (19-я і 58-я хвіліны), Уладзімір Хвашчынскі (47-я) і Філіп Іваноў (51-я, з пенальці). Толькі пасля гэтага госці дамагліся адзінага голу прэстыжу.

Куды драматычней склаўся матч берасцейскага „Дынама” у Грэцыі. Напомнім, што ў першай сустрэчы дынамаўцы перамаглі грэцкі „Атрамітас” – 4:3. Прычым, цягам гульні бела-блакітныя былі наперадзе ажно 4:0, але страцілі вялізную перавагу. У адказным паядынку берасцейцы трымалі абарону да 80-й хвіліне, калі  Манусас вывеў гаспадароў наперад. „Дынама” павісла на валаску, але здолела ўратавацца на 95-й хвіліне, калі вызначыўся Павел Няхайчык – 1:1. Такім чынам берасцейцы ўсё ж выйшлі ў наступны раўнд.

Беларускае Радыё Рацыя