Сенатары ЗША прадставілі новы пакет антырасейскіх санкцый
Сенатары Кангрэсу ЗША ад Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый прадставілі новы пакет антырасейскіх санкцый, паведамляе Reuters.
Па словах сенатараў, новыя санкцыі будуць ціснуць на Расею ў адказ на ўмяшальніцтва Масквы ў выбары ў ЗША, яе дзейнасць у Сірыі і анексію Крыма.
Па словах сенатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма, цяперашні рэжым санкцый „не змог перашкодзіць Расеі ўмешвацца ў прамежкавыя выбары ў 2018 годзе”.
„Наша мэта – змяніць статус-кво і ўвесці радыкальныя санкцыі і іншыя меры супраць Расеі Пуціна, пакуль ён не перастане ўмешвацца ў выбарчы працэс у ЗША, не спыніць кібератакі на амерыканскую інфраструктуру, не выведзе войскі з Украіны, і не спыніць сеяць хаос у Сірыі”, – заявіў Грэм.
Раней, 31 ліпеня, Еўразвяз прыняў рашэнне пашырыць санкцыйны спіс і ўключыць у яго яшчэ шэсць расейскіх кампаній.
Беларускае Радыё Рацыя