Міхаіл Бабіч можа атрымаць статус спецпрадстаўніка прэзідэнта Расеі



Міхаілу Бабічу, якога Расея плануе накіраваць паслом у Беларусь, можа быць прысвоены статус спецпрадстаўніка прэзідэнта, паведамляе РБК са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

„Сумяшчэнне пасады пасла ў іншай дзяржаве з пасадай спецпрадстаўніка прэзідэнта — досыць рэдкі выпадак у расійскай дыпламатычнай практыцы. Напрыклад, дзве пасады сумяшчалі Віктар Чарнамырдзін і Міхаіл Зурабаў, якія былі пасламі на Украіне і адначасова спецпрадстаўнікамі прэзідэнта па развіцці гандлёва-эканамічных адносінаў з гэтай краінай”, — адзначае выданне.

РБК падкрэслівае, што пасада спецпрадстаўніка прэзідэнта дае паслу дадатковыя рычагі ўплыву: акрамя традыцыйнай дыпламатычнай працы па лініі МЗС ён можа па сваім кірунку ставіць задачы расійскім органам выканаўчай улады, збіраць нарады з удзелам чыноўнікаў урада.

Як заявіла крыніца, з-за таго што адносіны Масквы і Менска час ад часу складваюцца няпроста, прэзідэнту важна мець у Беларусі не проста пасла, а чалавека з дадатковымі магчымасцямі.

Пасол Расеі ў Беларусі 77-гадовы Аляксандр Сурыкаў працуе на гэтай пасадзе ўжо 12 гадоў. Чуткі пра яго хуткую адстаўку распаўсюдзіў у пачатку чэрвеня расейскі telegram-канал „Незыгарь”. Паведамлялася, што галоўным кандыдатам на пасаду пасла быў губернатар Краснадарскага краю РФ экс-міністр сельскай гаспадаркі Аляксандр Ткачоў, але яго кандыдатуру не ўзгадніў Менск. У канцы чэрвеня РИА Новости перадало, што магчымае прызначэнне паслом у Беларусі 49-гадовага Міхаіла Бабіча.

На пасадзе паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе Бабіч працуе з 15 снежня 2011 года. Ён кандыдат эканамічных навук, член партыі „Адзіная Расія”. Быў старшынёй урада Чачэнскай Рэспублікі з лістапада 2002 года па люты 2003-го.

Пасля звальнення пасла Расеі ва Украіне Міхаіла Зурабава ў ліпені 2016 года разглядалася пытанне аб прызначэнні на гэтую пасаду Бабіча, але яго кандыдатуру не зацвердзіла МЗС Украіны. Адна з прычын адмовы была ў тым, што, будучы членам Савета бяспекі РФ, Бабіч у 2014 годзе браў удзел у вынясенні рашэння аб уводзе ў Крым расейскіх вайскоўцаў.

Акрамя таго, украінскія палітолагі адзначалі, што Бабіч „раней быў ваенным дэсантнікам, падчас чачэнскай вайны кіраваў урадам рэспублікі, працаваў у ФСБ”. Эксперты ў Кіеве заяўлялі, што „Бабіч, біяграфія якога звязаная з савецкім КДБ і расейскай ФСБ”, з’яўляецца „прафесійным дыверсантам” і „класічным кандыдатам Крамля для ўзаемадзеяння з сепаратыстамі ў Данбасе для арганізацыі сілавых аперацый”.

23 ліпеня камітэт па міжнародных справах Савета Федэрацыі пасля кансультацый аднагалосна ўхваліў кандыдатуру Бабіча на пасаду пасла Расеі ў Беларусі.

У МЗС Беларусі не каментуюць, ці атрымліваў Менск запыт на агрэман для прызначэння Бабіча.

belapan.by