Ганна Шапуцька: Кожны дзень адбываюцца суды над абаронцамі Курапатаў



Адбылося чарговае паседжанне штабу байкоту рэстарануПоедем поедим, які пачаў працу побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты.

Паседжанне штабу адбылося проста каля самой гэтай забаўляльнай установы. Старшынствавала на ім грамадская актывістка, каардынатар грамадскай ініцыятывы „За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна Шапуцька. Яна адзначыла, што ўжо больш двух месяцаў працягваецца варта, і яна будзе працягвацца, пакуль рэстаран не зачыняць.

– Мы заклікаем уладу сесці за стол перамоваў з бізнэсоўцамі і як мага хутчэй вызначыць пытанне пераносу гэтай рэстарацыі ў іншае месца. Кажуць, што ўлада трымаецца нейтральнай пазіцыі, але, на вялікі жаль, гэта не так, бо кожны день адбываюцца суды над актывістамі, вось і сёння Мая Навумава аштрафавана на 20 базавых, то бок людзі, якія пратэстуюць супраць беззаконня, супраць узаконьвання беззаконня у 2014 годзе, гэтыя людзі апынуліся пад прэсам гэтых штрафных санкцый.

Але відавочна, што ў гэтай сітуацыі вінаваты і чынавенства, і бізнэс. Чыноўнікі незаконна раздавалі зямлю з ахоўнай зоны мемарыялу пад забудову, міністэрства культуры зменшыла ахоўныя зоны, каб легалізаваць незаконныя будынкі. А бізнэсоўцы добра ведалі, дзе будуюцца і, магчыма, рабілі свае захады, каб узаконіць будаўніцва там, дзе апрыёры яго не павінна быць. Таму яны павінны прызнаць парушэнні і справядліва вырашыць сітуацыю з рэстаранам, — лічыць Ганна Шапуцька.

* * *

На сходзе абаронцы Курапатаў зацвердзілі новую версію спісу асобаў, датычных да з’яўлення і працы рэстарана каля Курапатаў. У спісе асобаў, якім актывісты абвясцілі “персанальны байкот”, цяпер 35 прозвішчаў, ёсць іх біяграфіі, фотаздымкі.

Кажа абаронца Курапатаў Павел Севярынец:

– Разглядалі 35 файлаў наведнікаў, уласнікаў, пастаўшчыкоў, якія возяць прадукты ў «бульбаш-хол», чыноўнікаў. Зацвердзілі гэты спіс. Файлы ёсць з фотаздымкамі. У асноўным з біяграфіямі, з інфармацыяй, чаму гэтыя людзі датычныя да Курапатаў. Пастанавілі за тыдзень іх перакласці, прынамсі на беларускую, частку на ангельскую мову для перадачы ў амбасады. І з наступнага тыдня будзем публікаваць па адным файле, па адной біяграфіі.

Таксама быў зацверджаны план мерапрыемстваў на жнівень. Так, 11 жніўня ў Курапатах пройдзе Спеўны сход — супольнае спяванне гімна-малітвы “Магутны Божа”. 23 жніўня пройдзе міжнародная канферэнцыя, прысвечаная заключэнню пакту Молатава — Рыбентропа і Дню памяці ахвяр нацысцкага і сталінскага рэжымаў. У апошняй дэкадзе жніўня плануецца круглы стол па мемарыялізацыі Курапатаў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя