Яшчэ крыху Чэслава Мілаша і Элвіса Прэслі ад Тані Скарынкінай



Што вы ведаеце пра тое, як спалучыць Чэслава Мілаша з Элвісам Прэслі ў патрэбнай прапорцыі? І паразмаўляць пра ўсё гэта па-беларуску, а потым – па-ангельску.

Са светам. У Шатландыі, напрыклад. Дзіўна, але ў Тані Скарынкінай ды Джыма Дынглі ўсё атрымалася. Па-першае, у Таццяны выйшла кніга таленавіта напісаных эсэ. Па-другое, Джым Дынглі не меш таленавіта пераклаў іх з беларускай на ангельскую. Сёлета твор атрымаў ўзнагароду PEN Translates ангельскага ПЭН-цэнтра. І будзе прадстаўлены ў жніўні на кніжным фэсце ў Эдынбургу.

Узнагарода PEN Translates — аплата выдавецтву выдаткаў на ганарар перакладчыку — прысуджаецца штогод ад 2012-га кнігам, якія абірае адмысловае журы. Што ацэньваецца перш за ўсё? «Выдатная літаратурная якасць, сіла і арыгінальнасць выдавецкага праекта і ўклад у літаратурную разнастайнасць Вялікабрытаніі». Шыкоўная фармулёўка. Сёлета літаратарка са Смаргоні стала адной з тых, хто… 18 кніг на 14 мовах з 16 краінаў свету сталі лепшымі па меркаванні ангельскага ПЭН-Цэнтра.

Атрымаць брытанскую візу – той яшчэ квэст, але Таня атрымала і едзе ў Лондан, каб потым сесці на цягнік да Эдынбурга. Жартуе, што збягае з беларускага гарачага лета… Але яна вернецца потым у свой родны горад, будзе хадзіць яго вулачкамі, размаўляць з людзьмі і пісаць свае дзіўныя тэксты. Атмасферныя вершы без рыфмы. Эсэ з прыхаванымі сэнсамі. Напэўна ж, напіша яшчэ не адну кнігу і, магчыма, наведае Нью-Ёрк. Па той простай прычыне, што кніга “Амерыканскія горкі” прэзентавана летам. То будуць і Штаты.    

Беларускае Радыё РАЦЫЯ