У Еўропе адзначаецца Дзень салідарнасці з Беларуссю



У Еўропе 4 жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

У 2012 годзе шэраг няўрадавых арганізацый і кааліцый еўрапейскіх краін выступіў з ініцыятывай аб’явіць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў затрыманы кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі. Ён быў абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

„Гэты міжнародны дзень закліканы падтрымаць грамадзянскіх актывістаў Беларусі, якія працягваюць прасоўваць і абараняць стандарты правоў чалавека і вяршэнства права, новыя ідэі і ініцыятывы, дапамагаць людзям. І ўсё гэта — насуперак сістэматычнаму парушэнню фундаментальных правоў: свабоды сходаў, аб`яднанняў, выказвання меркавання — тых асноў, без якіх грамадзянская супольнасць існаваць не можа”, — адзначаецца ў каментары на праваабарончым рэсурсе spring96.org.

Арганізатары дня заклікаюць неабыякавых грамадзян з розных краін з дапамогай акцый у сваіх гарадах прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі і падтрымаць тых, хто змагаецца за свабоду „ва ўмовах пастаяннага націску і пераследу”. Сімвалам дня стаў блакітны васілёк.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, салідарнасць з беларускімі калегамі выказалі актывісты ў Санкт-Пецярбургу.