Адзінага кандыдата ад дэмсілаў не будзе



Аб’яднаная грамадзянская партыя і партыя «Справядлівы свет», якія ўваходзяць у кааліцыю партыяў і грамадcкіх арганізацыяў «Талака», вырашылі не падпісваць пагадненне аб працэдуры абрання адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах  наступнага году. Пра гэта паведаміў сябра палітычнай рады АГП Віктар Карняенка.

Паводле ягоных словаў, гэта салідарнае рашэнне дзвюх апазіцыйных партыяў. Карняенка тлумачыць рашэнне наступным чынам: „Працэдура абрання адзінага патрэбная тады, калі ёсць з каго выбіраць. Сёння ж мы ведаем толькі двух прэтэндэнтаў, якія публічна далі згоду балатавацца. Гэта — Мікола Статкевіч і Анатоль Лябедзька. Статкевіча, паводле дзейнага заканадаўства, Цэнтрвыбаркам не зарэгіструе. Застаецца адзін Лябедзька. Тады навошта гарадзіць агарод і траціць марна час на распрацоўку працэдурных пытанняў”.

У кааліцыю «Талака» ўваходзяць некалькі дзясяткаў рэспубліканскіх і рэгіянальных грамадскіх утварэнняў. Што тычыцца працэдуры абрання адзінага кандыдата ад дэмсілаў на прэзідэнцкія выбары, ад «Талакі» задзейнічаныя толькі АГП і партыя «Справядлівы свет».

Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info