Гомельскія інжынеры стварылі камбайн на газавым паліве
На „Гомсельмашы” створаны камбайн, які працуе на газавым паліве, новыя машыны тэстуюць зараз на палях Гомельскай вобласці.
„Прыменены рухавік, які працуе чыста на газавым паліве, — расказаў 4 жніўня ў інтэрв’ю праграме навін на тэлеканале СТВ дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ „Гомсельмаш ” Аляксандр Шантыка. — Гэта самае галоўнае рашэнне, якое тут ўжытае гомельскімі інжынерамі. Якую задачу мы ставілі перад сабой ? Галоўная задача сёння — гэта эканоміка. Выкарыстанне машыны, якая працуе на газавым паліве, — гэта мінус 40-60% кошту. На выхадзе мы павінны атрымаць і атрымліваем больш танны прадукт”.
У рэпартажы СТВ гаворыцца, што прыродны газ не толькі самае экалагічна чыстае паліва, ён яшчэ і істотна патанняе ўборачную. Эканомія на паліве можа дасягаць 60%. 400 кубаметраў сціслага прыроднага газу перацякае ў вугляпластыкавыя балоны камбайна ўсяго за 10 хвілін. Гэтага аб’ёму хопіць на 10 гадзін бесперапыннай працы.
„У Расеі ўжо ёсць цэлыя рэгіёны або цэлыя раёны, якія выкарыстоўваюць газаматорнае паліва і ў аўтамабілях, і ў трактарах. Калі такі камбайн трапляе ў гаспадарку, дзе ўжо наладжаная гэтая сістэма, ёсць стацыянарныя запраўкі, дзе запраўляюць камбайн, як у нас, палівам, так і газам. Няма ніякіх праблем”, — заявіў намеснік дырэктара навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання ААТ „Гомсельмаш” Васіль Антанюк.
СТВ адзначае: „Метан лічыцца адным з самых чыстых варыянтаў паліва для рухавікоў унутранага згарання. Матор навінкі адпавядае класу стандарту „Еўра-5”.