Arche можа адмовіцца ад друкаванай версіі з-за недахопу сродкаў
Рэдакцыя навукова-папулярнага часопіса Arche ініцыявала на краўдфандынгавай платформе talaka.org кампанію па зборы сродкаў на працяг выпуску друкаванай версіі часопіса.
„Друкаванне беларускага незалежнага навукова-папулярнага часопіса можа спыніцца з-за недахопу сродкаў. Рэдакцыя збірае рэсурсы, дзякуючы якім можа працягваць выдаваць часопіс у друкаваным выглядзе і знайсці новых чытачоў”, — гаворыцца ў апісанні праекта.
Як адзначаецца, цяпер друкаваная версія часопіса выходзіць раз на квартал, але з-за недахопу сродкаў можа цалкам сысці ў інтэрнэт.
Кампанія па зборы сродкаў пачалася 10 ліпеня. На 6 жніўня праект падтрымалі 90 чалавек, якія ахвяравалі ў агульнай суме 636 рублёў. Аднак для паўнавартаснага выпуску друкаванай версіі рэдакцыі часопіса трэба 1,4 тыс. рублёў штомесяц.
Часопіс Arche выходзіць з верасня 1998 года. У ім публікуюцца матэрыялы аб знакавых для Беларусі людзях і падзеях, гісторыі беларускіх гарадоў, артыкулы пра нацыянальную ідэнтычнасць, работы беларускіх інтэлектуалаў і пераклады замежных аўтараў. Выданне ўваходзіць у сетку еўрапейскіх часопісаў Eurozine.
Галоўны рэдактар часопіса — Валерый Булгакаў, эксперт у галіне даследаванняў еўрапейскіх нацыяналізмаў.