Брукоўка польская і “брукоўка” савецкая ў Азарычах
Вёска Азарычы на Слонімшчыне, як кажуць у народзе, неперспектыўная, выміраючая. Яна знаходзіцца па дарозе са Слоніма на Дзятлава-Ліду-Вільню, кіламетраў 12 ад Слоніма. Па словах вяскоўцаў, цяпер, у летнюю пару, у ёй жыве 20 пенсіянераў і 15 маладых асобаў, а зімуюць – чалавек 25. У вёсцы нічога няма – ні крамы, ні клуба, ні ФАПа (а яго ніколі і не было), толькі шмат пустых хат, ёсць студні з жураўлямі і адна вуліца-брукаванка.
Вуліцу забрукавалі яшчэ пры Польшчы. Тут жыў пан, меў свой маёнтак. Але і маёнка ўжо даўно няма. Час і людзі ўсё знішчылі. У 1920-х-1930-х гадах у Азарычах было 37 двароў, пражывалі 167 жыхароў. Ды і 15 гадоў таму вёска яшчэ налічвала “жывых” 53 двары, дзе пражывалі 102 жыхары. Была крама, а цяпер два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка.
Як кажуць вяскоўцы, да вайны і пасля вайны вёска ганарылася сваёй прыгожай і моцнай брукаванай вуліцай. Але дзесьці ў 1970-х гадах наверх брукоўкі паклалі савецкі асфальт. І цяпер савецкая “брукоўка” даўно амаль знішчылася, а пад ёй засталася сапраўдная брукаванка. А калі б зусім не чапалі вуліцу, то польская брукоўка і сёння ўпрыгожвала б вуліцу ў Азарычах. Па ёй некалі ездзілі, кажуць жыхары вёскі, на брычках на драўляных колах.
Калі заглянуць у далёкую гісторыю вёскі, то яна пачынаецца з XVI стагоддзя, гэта была ўласнасць Валовічаў. А напачатку XIX стагоддзя гаспадаром Азарычаў быў Казімір Валовіч. Тут працавалі вінакурня на цагляных слупах і саладоўня. А ў 1855 годзе – гэта ўжо маёмасць пана Папроцкага, а потым – пані Алены Юрэвіч. Так што Азарычы маюць багатую гісторыю. А калі пра іх пісаць біяграфію, то ў розных архівах можна знайсці шмат цікавых дакументаў.
[Not a valid template]
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара