Савет Еўропы заклікаў вызваліць затрыманых беларускіх журналістаў
Інфармацыя пра ператрусы і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ выклікае ў Савета Еўропы глыбокі непакой, гаворыцца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара Савета Еўропы Даніэля Хёльтгена.
„Мы атрымалі інфармацыю пра вобыскі і арышты ў шэрагу найбольш вядомых беларускіх СМІ. Гэтая інфармацыя выклікае ў Савета Еўропы глыбокі непакой. Больш за тое, некаторыя з гэтых СМІ з’яўляюцца нашымі даўнімі партнёрамі, супрацоўнікі якіх вядомыя як прафесіяналы высокага ўзроўню. Заканадаўства выконваць неабходна, але расследаванні не заўсёды патрабуюць арыштаў, да якіх варта звяртацца ў якасці апошняга сродку”, — падкрэсліваецца ў заяве.
„Мы заклікаем беларускія следчыя органы забяспечыць аператыўнае і празрыстае расследаванне. Мы таксама звяртаемся з заклікам вызваліць усіх арыштаваных журналістаў. Свабода СМІ з’яўляецца адным з найважнейшых правоў чалавека ў дэмакратычным грамадстве. Яе неабходна паважаць паўсюль у Еўропе”, — зважае афіцыйны прадстаўнік генеральнага сакратара Савета Еўропы.
Вобыск у рэдакцыі інфармацыйнай кампаніі БелаПАН 7 жніўня на працягу прыкладна сямі гадзін праводзілі паўтара дзясятка супрацоўнікаў Следчага камітэта і МУС.
Канфіскаваныя шэсць цвёрдых дыскаў з камп’ютараў журналістаў і выпускаючых рэдактараў. З офіса БелаПАН для давання паказанняў павезлі ў Следчы камітэт дзяжурнага рэдактара агенцтва Андрэя Сераду, які знаходзіўся на працоўным месцы з раніцы 7 жніўня і прысутнічаў пры вобыску.
Па-ранейшаму невядомае месцазнаходжанне карэспандэнта БелаПАН Таццяны Каравянковай, у якой на дачы таксама правялі вобыск.
Паралельна ператрус праводзіўся ў рэдакцыі найбуйнейшага беларускага недзяржаўнага інтэрнэт-партала tut.by, а таксама ў некаторых яго супрацоўнікаў.
Следчы камітэт раніцай 7 жніўня паведаміў, што „паводле матэрыялаў праверкі, праведзенай супрацоўнікамі МУС, распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса (несанкцыянаваны доступ да камп`ютарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды)”.
Падставай да распачынання крымінальнай справы паслужыла „паведамленне рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „БелТА” аб збоях пры ажыццяўленні доступаў да платнай падпіскі паслуг, якія аказваліся названым прадпрыемствам аднаму з яго замоўцаў”.
Згодна з паведамленнем СК, падчас праверкі супрацоўнікамі МУС „выяўленыя шматлікія факты неправамернага доступу да камп`ютарнай інфармацыі, уласнікам якой з`яўляецца „БелТА”.
„У выніку здзейсненага злачынства РУП „БелТА” нанесеная істотная шкода, якая выявілася ў неправамерным завалоданні і выкарыстанні абароненай ад пабочнага доступу інфармацыі, а таксама падрыве дзелавой рэпутацыі прадпрыемства. Да гэтай супрацьпраўнай дзейнасці маюць дачыненне службовыя асобы выдавецкага дома „Беларуская навука”, ЗАТ „БелаПАН”, ТАА „ТутБай Медыя”. Сёння паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства затрыманыя Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Таццяна Каравянкова”, — паведаміў Следчы камітэт.
Іншых каментароў у ведамстве пакуль не даюць. Паводле звестак праваабаронцаў, шасцярых журналістаў, у тым ліку міжнароднага аглядальніка БелаПАН Таццяну Каравянкову, затрымалі на трое сутак.