У Менску абмяркоўваюць забарону экспарту



„Усе даўно ацанілі якасць і натуральнасць беларускіх харчовых тавараў. Усе тэхналагічныя працэсы праходзяць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”, – каментуе намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў забарону экспарту беларускай мясной і малочнай прадукцыі ў Расею. На думку дыпламата, гэта пытанне палітычнага характару:

– Вядзем размовы пра тое, што гэтыя часовыя нязручнасці ўзнікаюць у выніку тых абмежаванняў, якія сёння ўжываюць наўзаем Еўразвяз і адпаведна Расейская Федэрацыя. Мы лічым гэта ў першую чаргу абумоўлена палітычнымі праблемамі. Казаць пра тое, што ў сувязі з гэтым наша прадукцыя стала горшай, напэўна не даводзіцца. Мы нарошчваем тыя магчымасці, якія існуюць, працуем актыўна з партнёрамі, у тым ліку і з Еўразвязам, займаемся перапрацоўкай, якая сёння дазволена і фармальна дапушчальная з пункту гледжання Мытнага звяза.

У Менску праходзіць каардынацыйная сустрэча ветэрынарных ведамстваў Беларусі ды краін-суседак, у тым ліку Расеі. Аляксандр Гур’янаў упэўнены, што ў хуткім часе эксперты змогуць дасягнуць паразумення ў пытанні забароны экспарту беларускіх тавараў у Расею.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя