“Татарская юрта” ў Крушынянах плануе аднаўленне



Уладальнікі вядомай аграсядзібы і турыстычнага месца Джанэта і Міраслаў Багдановічы разглядаюць праекты будаўніцтва.

Прыгадаем, што ў траўні ў “Татарскай юрце” здарыўся пажар: ні гаспадары, ні турысты не пацярпелі, але ад аграсядзібы засталося толькі папялішча. “Мы ўжо адышлі ад жалобы і пачынаем будаваць планы на будучыню”, – кажа Джанэта Багдановіч:

Робім праекты, думаем пра будаўніцтва новай юрты, нашай «Татарскай юрты». Думаем пра тое, якой яна будзе. Людзі цудоўныя. Яны звяртаюцца да нас, падтрымліваюць маральна і фінансава. Вельмі хутка мы атрымалі грошы па страхоўцы, але гэтыя грошы, вядома, ніколі не пакрыюць таго, што было.

Крушыняны – гэта важнае месца для польскіх татараў, супольнасць якіх налічвае каля трох тысяч чалавек. У вёсцы знаходзіцца дзейны мізар – мусульманскія могілкі, а таксама мячэць з 18 стагоддзя. Татары жывуць у Крушынянах з 1679 года, калі атрымалі дазвол караля Яна ІІІ Сабескага. Сёння ў вёсцы жыве 30 сем’яў, у тым ліку 4 – татарскія. Крушыняны ў 2010 годзе наведваў прынц Уэльскі – Чарльз.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя