Беларусы спрабавалі даць хабар украінскім памежнікам



Трое грамадзянаў Беларусі спрабавалі даць хабар украінскім памежнікам. Пра гэта паведамляе прэсавы цэнтр Азоўска-Чарнаморскага ўпраўлення памежнай службы Украіны.

– Трое грамадзянаў Беларусі, імёны і прозвішчы якіх не паведамляюцца, паспрабавалі патрапіць з тэрыторыі мацерыковай Украіны ў анэксаваны Крым. Але патрэбных для гэтага дакументаў кампанія нашых суайчыннікаў не мела. Праблему паспрабавалі вырашыць традыцыйным спосабам – падкупіць памежнікаў. У якасці хабару парушальнікі прапанавалі ўсё, што назбіралі па кішэнях: 20 даляраў, 210 грыўняў і 20 беларускіх рублёў. Памежнік не стаў браць хабару і адразу выклікаў паліцыю. Праваахоўнікі ўгледзілі прыкметы крымінальнага злачынства па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса Украіны – “Прапанова, абцяцанка ці прадстаўленне неправамернай выгоды службовай асобе”.

Нашы суграмадзяне затрыманыя, ім пагражае турэмны тэрмін альбо вялікі штраф.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Depo.Херсон