Памяці ахвяр „выклятых жаўнераў”
Асвячэнне краевугольнага каменя пад капліцу ў вёсцы Патока ў гміне Міхалова пройдзе 12 жніўня а 17-й гадзіне з удзелам Беластоцка-Гданьскага архіепіскапа Якава. Капліцу пабудуюць, каб захаваць памяць пра ахвяр трагічных падзеяў, якія мелі месца у вёсцы ў траўні 1945 года, гаворыць настаяцель праваслаўнага прыхода ў Тапалянах айцец Аляксандр Алексеюк:
– Па благаславенні нашага ўладыкі вырашылі, што гэтая капліца будзе ў гонар Успення святой праведнай Ганны. Капліца стане помнікам тым людзям, якія загінулі падчас трагічных падзей у Патоцы ў 1945 годзе. Урачыстасці ўзначаліць уладыка Якаў.
Ахвярадаўцам капліцы з’яўляецца мясцовы прадпрымальнік Анджэй Шум:
– Гэта будзе драўляная цэркаўка ў памяць гэтаму святому месцу, дзе стаяла царква. А таксама ў памяць жыхарам патокі – бязвінным людзям, забітым „выклятымі жаўнерамі” пад кіраўніцтвам Лупашкі. Я думаю, што гэтая трагедыя ніколі не была забыта. Людзі заўсёды пра гэта памяталі.
Ідэя пабудовы капліцы паўстала 2 гады таму. Айцец Аляксандр спадзяецца, што капліца будзе асвечана яшчэ сёлета.
16-га траўня 1945 года ў вёсцы Патока аддзелам узброенага польскага падполля былі закатаваныя цывільныя жыхары вёскі – браты Малашэўскія і бацька з сынам – Бэкішы. 22 траўня тыя ж салдаты з аддзелу пад камандаваннем Зыгмунта Шэндзеляжа, псеўданім “Лупашка” пацыфікавалі вёску. У пажары загінулі трое дзяцей і згарэлі амаль усе пабудовы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя