Гульні, у якія гуляюць людзі
Генеральная пракуратура запрашае творчую моладзь паўдзельнічаць у Міжнародным моладзевым конкурсе сацыяльнай антыкарупцыйнай рэкламы… Гучыць інтрыгуюча, праўда? Маем гульню “Разам супраць карупцыі!” – маем прызы!
Любы гулец мае шанец атрымаць свой прыз… У пэўны час, у пэўным месцы, на пэўных умовах… Важны нюанс! Маецца на ўвазе Генеральная пракуратура суседняй з намі Расейскай Федэрацыі, але ж, па-першае, суседнія пракуратуры пракуратурамі сябруюць, а па-другое, – маем на ўвазе прастору былога СССР, то паўдзельнічаць могуць жыхары Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Расеі. Маладыя людзі ад 14 да 35 гадоў… Яно і вядома: хочаш быць у тэме – пачынай раней! Творчая моладзь, давай, далучайся! Любое навучанне лягчэй ідзе ў форме гульні. Пракуратура тут не выключэнне.
Размова ідзе пра тэматычную сацыяльную рэкламу. Маем намінацыі “Лепшы плакат” і “Лепшы відэаролік”. Конкурсныя працы павінны адлюстроўваць сучасныя дзяржаўныя метады барацьбы з карупцыяй. Вядома, у кожнай дзяржавы – свае метады барацьбы з карупцыяй і стыль працы свой.
Не менш творчая моладзь гуляе ў журналістыку падчас усемагчымых юнкораўскіх летнікаў, збораў, семінараў. Усе добра пачынаюць, але дарослае жыццё паказвае, што ні пракуратуры, ні журналістыкі на прасторы былога СССР яшчэ няма.
Гульні, у якія спрабуюць гуляць людзі. Спрацоўвае чалавечы фактар. Або не спрацоўвае.