Патрыятычныя строфы Ларысы Геніюш



9 жніўня – дзень нараджэння найвялікшай паэткі Беларусі Ларысы Геніюш (1910-1983), жанчыны, якая прайшла праз сталінскія катаванні і допыты, якая да апошніх дзён свайго жыцця заставалася непераможнай і мужнай дачкой сваёй Бацькаўшчыны. Не за гарамі той час, калі яе імя будуць насіць вуліцы і плошчы Беларусі, будуць стаяць ёй помнікі, у Зэльве адкрыецца яе музей, а сама паэтка будзе рэабілітавана. Ёй напісаны тысячы паэтычных радкоў, многія ўжо выдадзены і перавыдадзены, але сотні яшчэ знаходзяцца ў дзяржаўных і асабістых архівах. Прыйдзе час, і ўся творчая і эпісталярная спадчына паэткі будзе выдадзена поўным зборам твораў.

У дзень нараджэння Ларысы Геніюш нагадаем яшчэ раз некалькі патрыятычных твораў паэткі. Іх павінен ведаць кожны беларус на памяць.

***

Адзінай мэты не зракуся, І сэрца мне не задрыжыць: Як жыць – дык жыць для Беларусі. А без яе – зусім не жыць!

***

Ці мо сэрца малое маё, Ці мой дух неузлётны і вузкі? – Для Цябе толькі, Краю мой, б’е, Для Цябе, мой Народ Беларускі!

***

Мая мова – як шчасце на вуснах, Хвалявання гарачы прыбой. Можа быць, на чужой засмяюся, Ўсё ж заплачу з тугі на сваёй.

***

Хай славіцца наш беларускі род – Душой з вясны і воляю са сталі, Каб з гнёздаў нам не пеўнікі на плот, А горда арляняты выляталі!

***

Не згінай мяне, я не сагнуся, Не баюся ні страхаў, ні зла. Нездарма я з зямлі беларускай Непахіснай сасною ўзрасла. ***

Народнае шчасце мы выкупім ў боі, Пад вёсны засеем зялёную рунь – Шумець будуць нівы над вольнай Дзвіною, Над Бугам, над Нёмнам: “Жыве Беларусь!”

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя