У Віцебску злавілі амаль 50-кілаграмовага сома
У Віцебску на Дзвіне ўночы 7 жніўня рыбакі злавілі вялізнага сома. Па іх словах, вага рыбы склала 48,6 кілаграма.
Фатаздымак рыбака з трафеем абнародаваў у сацсетках Вадзім Чайка. Праўда, фота з вагамі няма. На фатаздымках з замерам даўжыні рыбы бачны толькі хвост, які знаходзіцца каля адзнакі 180 сантыметраў. Але ёсць фатаграфіі, дзе мужчына стоячы трымае рыбу пад жабры.
Рыбакі запэўніваюць, што сом злоўлены законнымі метадамі ў межах горада: рыба клюнула на нажыўку ў выглядзе смажанага вераб’я. Вадзім Чайка дадае, што выважвалі рыбу больш за гадзіну.
Многія каментатары сумняюцца ў магчымасці вылавіць такую рыбу на Дзвіне ў Віцебску і ў спосабе, якім злавілі сома.
Дарэчы, у 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка расказаў пра сваю рыбацкую ўдачу на Прыпяці. Там, па словах кіраўніка Беларусі, яму трапіўся сом вагой у 57 кг.
Фота: Вадзім Чайка