МПЗ: База даных аб даходах насельніцтва ствараецца пад добрыя мэты
База даных аб даходах насельніцтва Беларусі ствараецца пад добрыя мэты, а не для татальнага кантролю за даходамі фізічных асоб, заявіла намесніца міністра па падатках і зборах 9 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Яна адзначыла, што норма для наймальнікаў падаваць у падатковы орган інфармацыю аб даходах сваіх супрацоўнікаў утрымліваецца ў праекце змяненняў у Падатковы кодэкс. Распрацавана база даных, якая павінна ўлічваць усе прыбыткі працаўнікоў. У законапраекце прадугледжваецца штоквартальная падача такой інфармацыі. Гаворка ідзе аб усіх даходах і выліках супрацоўнікаў. „Іншая справа, што, калі пачалі абмяркоўваць гэтае пытанне з бізнесам, яны падымаюць пытанні, што гэта для іх цяжка. Цяпер мы выбудоўваем дыялог непасрэдна з бізнесам і іншымі зацікаўленымі ведамствамі, каб удакладніць тэрміны падачы такой інфармацыі. Пакуль у законапраект закладзена штоквартальна, але ідзе абмеркаванне аб пераносе гэтага тэрміну або аб даванні інфармацыі раз у год”, — адзначыла Сяліцкая.
„База стваралася не для таго, каб ажыццяўляць татальны кантроль за даходамі фізічных асоб, — прадоўжыла Сяліцкая. — Найперш база падрыхтавана па даручэнні, якое замацавана ва ўказе кіраўніка дзяржавы ад 2016 года №322 аб выдачы грамадзянам безнаяўных жыллёвых субсідый. Дзяржава ў гэтым выпадку падтрымлівае маламаёмных. Таму хацелася б разумення ў гэтым пытанні. База створана пад добрыя мэты. Гэта ніякім чынам не будзе ўстанаўліваць нейкія абавязкі для фізічных асоб. Гэтая норма ўскладае дадатковы абавязак непасрэдна на наймальніка”.
Прадстаўнікі МПЗ і Мінфіна падкрэсліваюць, што стварэнне базы было прадугледжана прэзідэнцкім указам № 322 „Аб даванні безнаяўных жыллёвых субсідый” — для пашырэння катэгорый грамадзян, якія маюць права на атрыманне безнаяўных жыллёвых субсідый па выяўляльным прынцыпе. У цяперашні час даныя аб даходах насельніцтва акумулююцца ў Фондзе сацыяльнай абароны, і на падставе гэтай базы выяўляюцца маючыя патрэбу ў субсідыях. Аднак, як паказваюць прадстаўнікі МПЗ, у базе ФЗСН ўлічваецца не ўся інфармацыя аб даходах. „Безнаяўная жыллёвая субсідыя налічваецца дзяржавай на падставе даных аб даходах грамадзян і грамадзянін мае права ад яе адмовіцца. Але, налічваючы безнаяўную жыллёвую субсідыю па выяўляльным прынцыпе, нельга меркаваць, хто з грамадзян пагодзіцца на яе атрыманне, а хто не пагодзіцца”, — адзначыў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.