Беларусь пачынае перамовы з Расеяй у сувязі з падатковым манеўрам
Беларусь пачынае перамовы з расейскім бокам па пытанні наступстваў падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, паведаміў намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко 9 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Мы ўваходзім у кансультацыі з расейскім бокам па пытанні наступстваў для эканомікі Беларусі падатковага манеўру ў Расеі. Мы гэтую сітуацыю разглядаем, калі ўсё пакінуць як ёсць, як немагчымасць функцыянавання адзінага рынку нафтапрадуктаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза”, — заявіў Дзмітрый Кійко, адказваючы на пытанні БелаПАН.
Ён адзначыў, што, рэалізуючы падатковы манеўр, Расея ўводзіць новы механізм субсідзіравання уласных перапрацоўшчыкаў нафты (адмоўны акцыз), „для ўвядзення якога ў нас крыніц няма”.
„Калі мы будзем функцыянаваць у рамках падатковага манеўру, а нашы партнёры, канкурэнты (расейскія НПЗ. — БелаПАН.) будуць карыстацца субсідыямі, то ў нас складзецца непрапарцыйны рынак паліва. У нас у гэтым выпадку кошт паліва нашмат будзе перавышаць кошт паліва ў Расеі”, — выказаў меркаванне намеснік міністра фінансаў.
Ва ўмовах адкрытай мяжы з Расеяй, дадаў ён, „гэта прывядзе да неканкурэнтных умоў” працы беларускіх НПЗ.
„Па сутнасці, расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць беларускія нафтапрадукты з нашага ўласнага рынку”, — заявіў Дзмітрый Кійко.
Таму, рэзюмаваў ён, неабходныя кансультацыі з Расеяй „для ўстанаўлення кампенсацыйных механізмаў у рамках міждзяржаўных адносін для захавання роўных канкурэнтных умоў”.
Падатковы манеўр ў нафтавай галіне Расеі, які ўхваліла Дзярждума ў ліпені ў двух чытаннях, прадугледжвае, што ў 2019—2024 гг. вывазная пошліна на нафту ў Расеі знізіцца з 30% да 0% і адначасова будзе павышацца падатак на здабычу карысных выкапняў пры здабычы нафты на велічыню зніжэння экспартных пошлін. Як паведамлялася, Мінфін Беларусі ацэньвае выпадаючыя прыбыткі беларускага бюджэту пасля рэалізацыі падатковага манеўру ў Расеі ў 2019—2024 гг. прыкладна ў 4% ВУП у год.
belapan.by