У Рэчыцы судзяць былога старшыню Лоеўскага райвыканкама за карупцыю



У судзе Рэчыцкага раёна слухаецца крымінальная справа ў дачыненні да былога старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргея Дзмітрова, які абвінавачваецца ў шэрагу злачынстваў.

Паводле інфармацыі суда Рэчыцкага раёна, былы кіраўнік раёна абвінавачваецца ў хабарах і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Эпізоды дзейнасці, магчыма, злачыннай, адносяцца да перыяду, калі Дзмітроў кіраваў адным з сельгаспрадпрыемстваў у Светлагорскім раёне і ў далейшым быў на пасадзе старшыні Лоеўскага райвыканкама. Працуючы на пасадзе старшыні Лоеўскага райвыканкама, Сяргей Дзмітроў даваў указанні дырэктарам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў заключаць дагаворы пастаўкі і аказання паслуг з пэўнымі камерцыйнымі структурамі. Не заўсёды гэта супрацоўніцтва было выгадным. Але старшыня райвыканкама абавязваў кіраўнікоў гаспадарак аднаго з самых бедных раёнаў рэспублікі ў першачарговым парадку разлічвацца з камерцыйнымі структурамі за пастаўленую прадукцыю ці паслугі. Гаспадаркі разлічваліся грашыма або буйной рагатай жывёлай.

Наступнае пасяджэнне прызначанае на пачатак верасня.

Да таго як ўзначаліць Лоеўскі раён, Сяргей Дзмітроў працаваў першым намеснікам старшыні Светлагорскага райвыканкама. На пасаду старшыні Лоеўскага райвыканкама ён быў прызначаны 14 чэрвеня 2016 года. У верасні 2017 года Лоеўскі раён ўзначаліла Вераніка Байкова. Раней яна працавала ў Мазырскім райвыканкаме. Пры прызначэнні новага старшыні Лоеўскага райвыканкама Сяргей Дзмітроў атрымаў ад раённага савета дэпутатаў ліст падзякі „За добрасумленную працу і важкі ўнёсак у развіццё Лоеўшчыны”. Пра гэта пісала газета „Лоевский край”. Неўзабаве ў дачыненні да былога кіраўніка была распачатая крымінальная справа.

У гэты момант у судзе Светлагорскага раёна слухаецца крымінальная справа ў дачыненні да першага намесніка старшыні — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Светлагорскага райвыканкама. 10 жніўня ў судзе адбудуцца судовыя спрэчкі.

Як паведамляў УСК па Гомельскай вобласці, з 2016 па 2017 год першы намеснік старшыні райвыканкама сістэматычна даваў падначаленым кіраўнікам прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу загадзя незаконныя ўказанні аб выкананні без заключэння дагавораў і аплаты для яго патрэб розных работ, а таксама аб бязвыплатным даванні яму і яго блізкім таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Дзеянні кіраўніка пацягнулі прычыненне прадпрыемствам i грамадзянам маёмаснай шкоды на агульную суму 3,9 тысячы рублёў.

Кіраўнік яшчэ да прызначэння на кіраўнічую пасаду ў Светлагорскі райвыканкам здзяйсняў злачынства. З 2014 па 2015 год, з’яўляючыся дырэктарам КСУП „Вежны”, абвінавачваны прымаў хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных арганізацый, а таксама здзейсніў крадзеж маёмасці ўзначаленага ім сельгаспрадпрыемства.

Усяго ў ходзе расследавання ўстаноўлена 16 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага.

belapan.by