Лявон Баршчэўскі: Ідзе кампанія адбельвання сталінізма



Днямі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пракаментаваў сітуацыю, якая склалася вакол Курапатаў.

“Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў? Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцкай смерці нашых продкаў? – задаецца пытаннямі арцыбіскуп. – У Курапатах патрэбны мемарыял — месца малітвы і роздуму над тым, што можа зрабіць адсутнасць любові да бліжняга, каб падобнае ніколі больш не паўтарылася, а не забаўляльныя цэнтры. Узнятыя вышэй праблемы нашага грамадства і рэстаран «Поедем поедим» — гэта «лакмусавая паперка» маральнага стану нашага грамадства, якое патрабуе перадусім духоўнай перамены”.

Лявон Баршчэўскі: Ніякія акцыі пратэсту не спыняць людзей, якія ідуць у рэстаран, калі ў іх няма ўнутры адчування таго, што можна, а што нельга. Можна пратэставаць бясконца, але калі знаходзяцца такія бяздушныя людзі, і калі ўладальнікі гэтага рэстарана не прымуць неабходных мер, то пратэсты не зменяць сітуацыю. Даволі вядомыя асобы (у тым ліку, і некаторыя чыноўнікі з Міністэрства культуры) сказалі, што ніколі не паедуць у такі рэстаран. Але пры гэтым кажуць, што, маўляў, ніякага парушэння заканадаўства няма. І яны фармальна маюць рацыю. Але кожны чалавек прымае сам рашэнне – варта яму ісці ў такі рэстаран альбо не. Таму гэта і насамрэч «лакмусавая паперка» маральнага стану нашага грамадства. Гэта вельмі трапныя словы.

РР: Пратэстоўцы нічога не змогуць змяніць?

Лявон Баршчэўскі: Любы пратэст патрэбен для таго, каб проста засведчыць, што ёсць частка грамадства, якая вельмі балюча ўспрымае такія рэчы. Але на праблему трэба глядзець шырэй. Мы бачым, як апошнім часам пайшла кампанія адбельвання сталінізма. Асабліва праз расейскія СМІ. Людзям убіваецца ў галаву, што нічога страшнага не было, а Сталін – герой. І гэта больш непакоіць, чым выпадак з рэстаранам ля Курапатаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя