Тамару Шчапёткіну дапыталі ў Бярозаўскім РАУС (абноўлена)



У Бярозаўскім РАУС сёння, 10 жніўня, дапыталі па адміністрацыйнай справе журналістку-фрылансерку Тамару Шчапёткіну. Справа тычыцца аўдыёсюжэту, апублікаванага Радыё Рацыя, пра закрыццё фермы ў Іванаўскім раёне, дзе 270 чалавек засталіся бяз працы.

Журналістка пракаментавала пераслед калегаў па ўсёй Беларусі і так званую «справу БелТА», па якой праходзяць супрацоўнікі партала TUT.BY і інфармагенцыі БелаПАН.

– Нешта павінна адбыцца, нейкая вялікая падзея, таму што мяне караюць. Але караюць звычайна раз на год, раз на два гады. А тут на мяне заведзены ўжо 4 пратаколы. І мяне чакае Баранавіцкі суд. З баравіцкай міліцыі мне ўжо званілі. Відаць, трэба журналіцкую супольнасць застрашваць і ўвагу адцягваць ад таго, што хутка мы пабачым, або пачуем.

Разгляд справы Тамары Шчапёткінай адбудзецца 15 жніўня. У гэты ж дзень журналіста з Берасця Яўгена Скрабца будуць судзіць у Лунінцы таксама за супрацу з Радыё Рацыя без акрэдытацыі МЗС.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя 

* * *

Журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну выклікалі чарговы раз у Бярозаўскі РАУС.  Шчапёткіну азнаёмілі з пратаколам, які паступіў з Іванаўскага РАУС.

 

У пратаколе паведамлялася, што Шчапёткіна 2-га ліпеня ў 13.30  парушыла заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, а менавіта: здзейсніла незаконны выраб і ў далейшым распаўсюд у інтэрнэт-сетцы інтэрв’ю, не маючы акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, кажа Тамара Шчапёткіна:

– І толькі ў самой справе было напісана, што начальнік аддзела аховы правапарадку Іванаўскага РАУС маёр Міхаіл Сацута выявіў на сайце Беларускага Радыё Рацыя матэрыял пра закрыццё свінафермы Сухое. А таксама відэасюжэт на Ютубе “Свиней под топор, людей  под забор”. Ён даведаўся з паказанняў сведкаў, што гэтыя матэрыялы журналісткі Беларускага Радыё Рацыя Тамары Шчапёткінай.

Сведкамі сталі шматдзетная разведзеная былая работніца фермы Ларыса Кузьміна, прыхільніца бахуса, маючая праблемы з законам. І інспектар па кадрах Таццяна Мазырчук. Яны па партрэце пазналі Тамару Шчапёткіну, якая брала ў работнікаў фермы інтэрв’ю.

Шчапёткіна з пратаколам не згодна. Яна прад’явіла хадайніцтва аб пераносе судовага працэсу 15 жніўня з Іванава ў Бярозу.

Беларускае Радыё Рацыя